Яшчэ нядаўна мы глядзелі на робата-гангстара ў кіно, а хутка зможам паслухаць робата-рэпера ў жыцці. Кадр з фільма «Чапі»

Яшчэ нядаўна мы глядзелі на робата-гангстара ў кіно, а хутка зможам паслухаць робата-рэпера ў жыцці. Кадр з фільма «Чапі»

Фінскія навукоўцы стварылі алгарытм DeepBeat для напісання тэкстаў у стылі рэп. Сваю работу яны апублікавалі на arxiv.org, прыклады гатовых тэкстаў выклалі асобным архівам.

Алгарытм умее камбінаваць вядомыя словы і фразы, што сустракаюцца ў 11 тысячах прааналізаваных кампазіцый, складаць тэксты на зададзеную тэматыку і падбіраць складаныя рыфмы.

Камп’ютар можа падбіраць не толькі рыфмы ўзроўню «пытаю-сядаю». Рыфма можа расцягвацца на некалькі слоў, могуць выкарыстоўвацца асанансныя рыфмы. Напрыклад, камп’ютар зарыфмаваў радкі «But hey maybe I’ll never win // Stressing me – stressing me, my memories».

Прыклад зарыфмаванага тэксту:

«You've been a survivor and we love you so much
You don't know me - I kill everyone who show love
I know you all love me to be sad and shit but
Will lead you to peace to love to unity and havin' fun»

З вядомых радкоў адкідаліся зычныя літары — рыфмы шукаліся па галосных гуках. Вылучалася канчатковая рыфма, рытм, даўжыня радка і іншыя характарыстыкі. Рэп быў абраны як жанр, які найбольш абапіраецца на рытм тэкстаў і найлягчэй паддаецца параметрызацыі.

Падчас даследавання быў вызначаны параметр «зарыфмаванасці» тэкстаў — наколькі частыя і доўгія рыфмы ў тэкстах. Паводле яго ў топе аказаліся малавядомыя ў нас выканаўцы. Першае месца заняў Inspektah Deck (паказнік зарыфмаванасці 1,187), славуты 2Pac жа заняў толькі 33 месца (1,054), а Eminem — 39-е (1,0147). Камп’ютар значна перагнаў жывых рэпераў, зарыфмаваўшы тэкст на паказнік 1,431.

У далейшых планах навукоўцаў удасканаленне алгарытму ў лагічнай звязанасці радкоў у цэлыя гісторыі ды стварэнне галасавога сінтэзатару для зачытвання тэкстаў. Пра напісанне музыкі ў іншых жанрах навукоўцы пакуль нічога не кажуць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?