Фота: Яўген Ерчак, TUT.BY

Фота: Яўген Ерчак, TUT.BY

Незвычайны спосаб захоўвання ровараў могуць апрабаваць жыхары мікрараёна Захад. Каля дома №37 па вуліцы Бурдзейнага з'явіўся велапаркінг. У ячэйках двухузроўневай канструкцыі за плату можна пакідаць ровары на які заўгодна тэрмін.

Рэалізуе праект дырэктар адной з мінскіх фірмаў Арцём Кавалёў. Раней ён меў дачыненне да аўтамабільнага бізнэсу, а потым захапіўся роварамі і падумаў, што нядрэнна б абсталяваць месцы для іх захоўвання.

— Звярнуўся да таварыша, дызайнера, расказаў яму, што хачу зрабіць павільён для захоўвання ровараў. Задача — каб ён быў у два ўзроўні, каб яго можна было перавозіць і «стыкаваць» да любога значэння. У жніўні мінулага года ўсё было гатова, прамалявана, і я стаў размаўляць з адміністрацыяй Фрунзенскага раёна з нагоды магчымасцяў устаноўкі.

Раённая адміністрацыя Арцёма Кавалёва падтрымала. Аднак ёсць праблема: пакуль няма простай схемы па выдзяленні зямлі пад такія ініцыятывы:

— Знайшлося таварыства, у якога ў карыстанні досыць шмат зямлі — яго члены прагаласавалі за з'яўленне велапаркінга каля іх дома. Я арандую ў іх зямлю. Але такіх таварыстваў, у якіх зямлі ў карыстанні больш чым па адмостку дома, — адзінкі.

Арцём спадзяецца на тое, што чыноўнікі праявяць цікавасць да ініцыятывы, якая можа аказацца карыснай для горада.

Велапаркінг уяўляе сабой 24 ячэйкі, у кожнай з іх можна захоўваць ровары.

Мясцовыя жыхары ўжо сталі карыстацца паслугай, распавядае Арцём.

— Спачатку была дамоўленасць, што велапаркінгам будуць карыстацца толькі жыхары дома, каля якога ён усталяваны, таму калі звярталіся жыхары іншых дамоў, я прасіў пачакаць. Але паколькі месцаў свабодных хапае, можна прыходзіць і іншым.

Суразмоўца адзначае, што карыстаецца попытам паркінг ў бацькоў, якія купляюць ровары для падлеткаў: катаюцца дзеці на іх нячаста, а захоўваць дзесьці трэба.

— Нядаўна ў мяне ўзяла ключы ад ячэйкі дзяўчына і патлумачыла, што вырашыла ездзіць на ровары на працу. Пацягаўшы некалькі разоў ровар на восьмы паверх, зразумела, што грошы гэтыя нішто ў параўнанні са штодзённым уздымам.

Круглагадовае захоўванне ровара тут абыдзецца на месяц на верхнім узроўні — у 120 тысяч рублёў, а на ніжнім — у 150 000. На сезоннае захоўванне штомесячныя расцэнкі такія: у летні сезон — 190 тысяч рублёў на верхнім узроўні і 220000 — на ніжнім, зімой — 90 тысяч рублёў на верхнім і 110000 рублёў — на ніжнім.

Аплаціць можна, пералічыўшы суму на разліковы рахунак, пазначаны на сайце veloparking.by. Кожнаму кліенту выдаецца ключ да ўрэзанага замка ў дзвярах. У кожнай ячэйцы ёсць дадатковыя дублюючыя дзверцы, на якія карыстальнік вешае ўжо свой замок — для надзейнасці.

Арцём Кавалёў упэўнены, што ў велапаркінгаў перспектыва ёсць. Але пакуль, па яго назіраннях, людзі не надта гатовыя плаціць за такую паслугу грошы. З іншага боку, праблема захоўвання ровараў сапраўды ёсць, бо, па статыстыцы, у Мінску ўжо каля паўмільёна ровараў.

— Для таго каб пайсці далей, патрэбныя фінансы. Так, калі абсталяванне аднаго веламесца каштуе каля 200 даляраў, то ўяўляеце, якія патрэбныя ўкладанні, каб ахапіць хоць бы 10% ровараў ад паўмільёна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?