Беларускі гітарыст Павел Кухта стаў уладальнікам першай прэміі прэстыжнага музычнага спаборніцтва - міжнароднага конкурсу гітарыстаў у горадзе Хайнсбергу (Германія), паведаміў кіраўнік клуба гітарыстаў Беларусі Алег Капянкоў.

У конкурсе, які праходзіў з 12 па 16 мая, прынялі ўдзел больш як 40 гітарыстаў з 28 краін свету. Міжнароднае журы прадстаўлялі сусветна вядомыя гітарысты Аніела Дэзідэрыа (Італія), Альфрэд Айкхольт (Германія), Алексіс Музаракіс (Грэцыя), Томаш Завіруха (Польшча), Аляксей Белавусаў (Ізраіль) і інш.

Паводле слоў Паўла, раней ён ужо двойчы ўдзельнічаў у гэтым конкурсе і быў у яго фінале, але ўзняцца на вышэйшую прыступку п'едэстала яму ўдалося толькі цяпер.

«Тры асноўныя этапы конкурсу прайшлі ў жорсткай канкурэнтнай барацьбе, — адзначыў ён. — Тут недастаткова было паказаць толькі высокую тэхніку і віртуознасць валодання гітарай, улічвалася літаральна ўсё: музыкальнасць, эмацыянальнасць, уменне трымацца на сцэне. Я выконваў, зразумела, тое, што ў мяне больш за ўсё атрымліваецца, у тым ліку новую санату сусветна вядомага кубінскага кампазітара Леа Браўэра. Яе іграюць у свеце толькі два ці тры гітарысты».

Перамога ў гэтым прэстыжным конкурсе дае права Паўлу Кухту на серыю сольных канцэртаў у Еўропе і іншых краінах свету, а таксама запіс уласнага кампакт-дыска на адной з вядомых канадскіх студый гуказапісу — праезд і запіс аплачвае фонд конкурсу. Першы сольны канцэрт пасля поспеху ў Хайнсбергу ў Паўла Кухты адбудзецца 21 мая ў Магілёве, а 22 мая яго чакаюць на гітарным фестывалі ў Бранску (Расія).

Павел Кухта — адзін з самых яркіх прадстаўнікоў сучаснай беларускай класічнай гітарнай школы. Ён рэгулярна прадстаўляе Беларусь на розных музычных конкурсах і фестывалях, якія праходзяць у розных кутках планеты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?