У Магілёве шэсць жыльцоў выселенага дома па вуліцы Ленінскай, 59, якія аб'явілі галадоўку з патрабаваннем даць ім асобнае жыллё, працягваюць акцыю пратэсту.

Галадоўка была аб'яўленая 18 мая. Удзельнікі акцыі спрабуюць даказаць, што пражывалі ў жылым доме, а не ў інтэрнаце, адкуль па прычыне старасці пабудовы былі пераселеныя ў інтэрнат па вуліцы Піянерскай. Як сцвярджаюць жыльцы, у іх на руках ордэры, выдадзеныя ў 1970-х гадах, дзе пазначана, што яны атрымалі менавіта кватэры ў шматкватэрным жылым доме. Гарадскія ж улады лічаць, што стары дом быў інтэрнатам, і таму асобных кватэр жыльцам выдзяляць не трэба. Грамадзяне звярнуліся ў абласную пракуратуру і заявілі, што гатовыя аб'явіць галадоўку. У сакавіку нагляднае ведамства адмовіла ім у праве на асобныя кватэры, стаўшы на бок гарадскіх уладаў. Выселеныя жыльцы, у сваю чаргу, заявілі пра падлог дакументаў, падман і ігнараванне іх правоў. 19 мая да тых, хто галадае, прыязджала хуткая дапамога. Магілёўскія ўлады пакуль ніяк не адрэагавалі на галадоўку.

«Пакуль усё без зменаў, але адчуваецца вялікая слабасць. Астатнія адчуваюць сябе гэтак жа сама. Мы тут збіраемся, пасядзім разам, разыдземся, паляжым», — паведаміла БелаПАН адна з удзельніц галадоўкі Наталля Кастагладава.

Паводле яе слоў, мясцовыя ўлады працягваюць ігнараваць і акцыю пратэсту, і патрабаванні выселеных жыльцоў. «Ніхто нават не рабіў ніякіх спробаў пагутарыць», — зазначыла Кастагладава. Нягледзячы на гэта, паводле яе слоў, удзельнікі галадоўкі не маюць намеру спыняць акцыю.

Ад прадстаўнікоў магілёўскай улады якіхсьці каментарыяў наконт такой сітуацыі пакуль не паступала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?