Беларусь актыўна ўкараняе фінскі вопыт вядзення лясной гаспадаркі, паведаміў 20 мая журналістам першы намеснік міністра лясной гаспадаркі Беларусі Аляксандр Кулік на адкрыцці міжнароднай спецыялізаванай выставы «Лесдрэўтэх» у Мінску.

«Кіраўнік дзяржавы ў жніўні 2014 года паставіў задачу аб пераходзе на сусветныя метады вядзення лясной гаспадаркі, у першую чаргу Фінляндыі. Сярод іх — развіццё гадавальніцкай гаспадаркі, стварэнне пасадачнага матэрыялу з закрытай каранёвай сістэмай. Тут два моманты — экалагічны і эканамічны. Метад з закрытай каранёвай сістэмай дазваляе эканоміць на колькасці дрэў і атрымліваць амаль 100-працэнтную прыжывальнасць. Для гэтага ў нас ёсць магчымасці, ёсць селекцыйны цэнтр, дзе гэтая тэхналогія адладжана», — сказаў першы намеснік міністра. Паводле яго слоў, будуюцца яшчэ чатыры цэнтры. 

Сёлета плануецца вырасціць каля 8,2 млн дрэў з закрытай каранёвай сістэмай, да 2020 года ставіцца задача па вырошчванні 30 млн дрэў. 

Ён адзначыў, што на мэты развіцця беларускай лясной гаспадаркі Сусветны банк выдзяляе каля 41 млн. долараў. «Гэтыя сродкі ў першую чаргу будуць патрачаны на закупку ліній высеву, развіццё сучаснай цяплічнай гаспадаркі, абнаўленне парку пажарных машын, закупку харвестэраў і фарвардэраў», — сказаў Кулік. 

«Наступны кірунак — поўнае выкарыстанне лясных рэсурсаў, гэта значыць выкарыстанне парубачных рэшткаў, выраб паліўнай дранкі, драўнянага паліва (пелеты і брыкеты). У нас ёсць тэхналогіі, і яны актыўна выкарыстоўваюцца», — адзначыў першы намеснік міністра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?