Беспрацоўны Юрый Шульган, вылучэнне якога кандыдатам у прэзідэнты падтрымлівае Беларуская партыя «Зялёныя», правёў 20 мая ў Мінску сваю першую прэс-канферэнцыю.
«З 2000 года я фактычна дармаед. Па адукацыі я выкладчык гісторыі. Я не магу ў сённяшняй краіне выкладаць рэальную гісторыю, а падманваць дзяцей я не магу», — сказаў Шульган, тлумачачы, чаму доўгі час не працуе.
«Цяпер я адчуў у сабе сілу, пазыў, адказнасць пайсці на гэтую пасаду.
Аляксандр Рыгоравіч сказаў, што калі знойдзецца больш годны, я саступлю месца. Я знайшоўся. Я гатовы прыняць на сябе гэты цяжкі груз.
Гэта было пачуццё адказнасці за краіну. Я зразумеў, што магу зрабіць для гэтай краіны тое, што не можа зрабіць ніхто іншы. І толькі з-за гэтага — пачуцця адказнасці — я іду на гэтую пасаду.
Мы, дармаеды, павінны падтрымліваць адзін аднаго. Калі я стану прэзідэнтам, паверце мне, дармаеды не будуць садзіцца за краты, не будуць плаціць штрафы. Таму што ў кожнага чалавека ёсць свабода выбару.
Я не па заробак іду, а з-за адказнасці».