Фота: Huawei
Кітайская кампанія Huawei прадставіла аперацыйную сістэму LiteOS для «інтэрнэту рэчаў». Памер у 10 кілабайт дазволіць запісаць яе на практычна любую прыладу.
Самая «лёгкая» аперацыёнка свету прызначаная для «разумных дамоў», аўтамабіляў і насімай тэхнікі. Яна будзе адкрытай для распрацоўшчыкаў і дазволіць хутка ствараць свае «разумныя» рэчы — ад «разумных гадзіннікаў» да хоць «разумных імбрыкаў».
Сістэму можна выкарыстоўваць без канфігурацыі IP-сеткі (Zeroconf), прылады на ёй самастойна «адшукаюцца» і падключацца да іншых сістэм.
Huawei працуе з «інтэрнэтам рэчаў» таксама і ў большых маштабах: кампанія стварае бізнес-інфраструктуру і дамаўляецца аб стандартызацыі новай сферы, засноўвае даследчыя цэнтры і лабараторыі. Відавочна, кітайцы не хочуць здаваць рынак Apple і Google.