Браўзерам Chrome карыстаецца амаль палова беларусаў. Некаторыя не ведаюць, што гэта такое, а ведаюць толькі, што інтэрнэт — гэта той каляровы шарык.

Сам па сабе Chrome даволі разумны, але яго можна зрабіць разумнейшым тысячай спосабаў — дадаткамі ў Chrome Store. «Наша Ніва» абрала 12 найцікавейшых дадаткаў.

The Great Suspender

Некалі жартавалі: «А хто будзе жэрці ўсю аператыўную памяць, атрымае па нахабнай рудой пысе». Але ўжо даўно чэмпіёнства па займанні аператыўкі перайшло ад Firefox да Chrome. Выправіць апетыты браўзера дазволіць расшырэнне, што «замарожвае» ўкладкі, непатрэбныя карыстальніку ў дадзены момант.

Chrome Remote Desktop

З гэтым расшырэннем вы проста праз браўзер зможаце атрымаць дыстанцыйны (хоць з працы на хатні, хоць на рабочы з адпачынку на Канарах) доступ да свайго камп’ютара і выканаць простыя (і не вельмі) задачы.

Pushbullet

Каб не цягнуцца за смартфонам штораз, як ён падае голас, усе ўведамленні можна пабачыць проста ў браўзеры. Таксама праз яго можна адказваць на SMS ці дзяліцца спасылкамі і файламі.

Google Keep

Выкіньце нататнікі і перастаньце маляваць крыжыкі на руцэ — запісвайце ўсё ў лёгкі і прыгожы анлайн-нататнік, якім можна скарыстацца як на камп’ютары, так і на тэлефоне.

Google Translate

Яшчэ адзін вельмі карысны дадатак ад Google — перакладчык. З яго дапамогай можна перакладаць як асобныя словы і сказы (проста вылучыць іх курсорам і атрымаць пераклад ва ўсплываючым вакенцы), так і цэлыя старонкі. А таксама атрымліваць доступ да забароненых сайтаў.

Hola

Адмысловы сродак для доступу на заблакаваныя сайты. Спадзяемся, вам ён спатрэбіцца толькі ў паездках у экзатычныя краіны.

Cryptocat

Калі ўжо трапілі ў экзатычную краіну і баіцеся суворых спецслужбаў, перапісвайцеся праз такі канал, які дакладна не праслухаюць. Таксама з задачай бяспечнай перапіскі справіцца асобная мабільная праграма Telegram ад стваральніка «УКантакце» Паўла Дурава.

Readability

Гэты дадатак зробіць любы, нават самы захламлены рэкламай, сайт прыгожым і лёгка чытабельным. Паспрабуйце на старонках boks.by! Таксама Readability мае функцыю «прачытаць пазней» (хоць з камп’ютара, хоць з тэлефона), але з ёй лягчэй і прыгажэй спраўляецца Pocket.

feedly

Чытаеце шмат навінаў з розных крыніц, але не ведаеце, што такое RSS? feeldy дазваляе сабраць навіны з розных сайтаў у адным прыгожым спісе і бачыць аператыўныя абнаўленні.

Turn Off the Lights

Для тых, хто часта глядзіць відэа, будзе карысным дадатак, што ўмее зацямняць усё вакол вакна відэа. З ім нават не захочацца разгортваць відэа на поўны экран — надта мілыя спецэфекты мае Turn Off the Lights.

Momentum

Рай для эстэтаў можна зладзіць проста на стартавай старонцы Chrome. Momentum павітае вас прыгожым фота, гадзіннікам і спісам спраў на дзень. Калі гадзіннік і спіс спраў лішнія, а хочацца проста славутых мастацкіх твораў, скарыстайцеся Google Art Project.

Google Tone

Не тое, каб самая карысная штука. Але гэта проста магія. Хочаце пабачыць, як два камп’ютары абменьваюцца спасылкамі не праз Wi-Fi ці Bluetooth, а проста гукам? Паспрабуйце — паслухайце, што яны адзін адному скажуць.

А якія расшырэнні Chrome параіце вы? Распавядзіце ў каментарах!

Глядзіце таксама: Пяць фішак Google, пра якія вы маглі не ведаць

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?