На саміце Усходняга партнёрства ў Рызе Беларусь і ЕС не падпішуць пагадненне аб мабільнасці і не парафіруюць пагадненне аб спрашчэнні візавага рэжыму, заявіў дзяржаўны сакратар МЗС Латвіі Андрэйс Пілдэговічс.
«Мы працуем над гэтымі дакументамі, вырашаем палітычныя і практычныя пытанні на ўзроўні міністэрстваў, камісій, — сказаў Пілдэговічс. — Вялікая праца зробленая, ёсць прагрэс. Наша мэта — выйсці на канкрэтныя рашэнні да канца латвійскага старшынства».
На пытанне, ці могуць гэтыя дакументы быць падпісаныя 22 мая падчас саміту Усходняга партнёрства, Пілдэговічс сказаў: «Думаю, што ў пятніцу будзем гэтыя тэмы абмяркоўваць, дыскутаваць, але на канкрэтнае падпісанне дакументаў спадзяемся выйсці да сярэдзіны чэрвеня».





