Беларускі ўрад рэалізаваў вымушаныя жорсткія меры па макраэканамічнай стабілізацыі, заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на пасяджэнні Савета міністраў, на якім былі разгледжаныя вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны ў першым квартале 2015 года і дадзеная ацэнка выкананню заданняў.

«За мінулы перыяд урад і Нацыянальны банк паслядоўна рэалізавалі вымушаныя жорсткія меры па макраэканамічнай стабілізацыі, — зазначыў Кабякоў, словы якога прыводзіць прэс-служба ўрада. — Па сутнасці, у сціслыя тэрміны давялося адаптаваць бюджэт, банкаўскую сістэму, рэальны сектар краіны да працы ў новых эканамічных умовах, выкліканых абвалам цэн на нафту, рэзкай дэвальвацыяй расійскага рубля, еўра, грыўны і іншых валют, рэцэсіяй сусветнай эканомікі і сцісканнем попыту ў нашых ключавых гандлёвых партнёраў».

Паводле слоў Кабякова, жорсткія меры балансавання не маглі не адбіцца на тэмпах развіцця эканомікі, перш за ўсё на рэальным сектары і яго фінансавым стане. Адаптацыя эканомікі краіны да прынцыпова іншага знешняга становішча суправаджалася падзеннем ВУП паводле вынікаў першага квартала на 2%. Прэм'ер-міністр зазначыў, што асноўны ўплыў зрабіла зніжэнне валавога дададзенага кошту ў прамысловасці — мінус 7,3% адносна студзеня—сакавіка 2014 года, адкрыліся праблемы нізкай эфектыўнасці шэрагу буйных прадпрыемстваў, залішняй занятасці на іх, нізкай канкурэнтаздольнасці, недахопы ў вытворчай і маркетынгавай палітыцы. Устойлівы рост у сельскай гаспадарцы (105%), будаўніцтве (104,7%), гандлі (101,1%) не змог кампенсаваць падзенне ў апрацоўчай прамысловасці (91,7%), транспарце і сувязі (96%). Пры захаванні практычна на ўзроўні студзеня—сакавіка 2014 года фізічных аб'ёмаў экспарту сярэднія экспартныя цэны знізіліся на 29%, што стала асноўным фактарам зніжэння аб'ёму экспарту тавараў амаль на 30%.

«Аднак пры ўсім цяжару сітуацыі сёння ў краіне забяспечаная фінансавая і валютная стабільнасць, запаволілася інфляцыя, — падкрэсліў Кабякоў. — Захоўваецца гнуткі валютны курс — роўна такі, каб не траціць золатавалютныя рэзервы на яго падтрыманне.

Меры, якія былі прынятыя раней і прымаюцца зараз, дазваляюць утрымліваць беспрацоўе ў сацыяльна прымальных межах, а таксама забяспечваць неабходныя гарантыі і кампенсацыі насельніцтву. Галоўны вынік: мы жывем па сродках».

«Мы бачым, што пераважная большасць прадпрыемстваў не разгубіліся ў новых эканамічных умовах, абнавілі асартымент прадукцыі, утрымліваюць традыцыйныя і намацваюць новыя рынкі збыту, спраўляюцца з крызіснымі з'явамі ўласнымі сіламі, працуюць над выдаткамі», — мяркуе кіраўнік урада. Аднак на шэрагу прадпрыемстваў сітуацыя больш цяжкая: для іх традыцыйныя рынкі закрыліся, а на новыя з існай наменклатурай прадукцыі пакуль прабіцца не атрымліваецца. «За кожным прадпрыемствам стаяць канкрэтныя людзі. Мы тут ідзем сваім шляхам і працуем па двух кірунках: індывідуальна разбіраемся з кожным прадпрыемствам і паралельна рэалізуем агульнасістэмныя меры падтрымкі. Сітуацыі ва ўсіх розныя, таму выпрацоўваем і нестандартныя рашэнні», — заявіў Кабякоў.

Паводле слоў кіраўніка ўрада, асноўная задача — захаваць ядро і інтэлектуальны патэнцыял прадпрыемстваў, якія апынуліся ў складанай эканамічнай сітуацыі. «На прадпрыемствах з няпоўнай занятасцю неабходна даць людзям магчымасць падзарабіць, заканадаўства гэта дазваляе. Аблвыканкамам і міністэрствам у гэтым пытанні неабходна прымаць самыя актыўныя меры», — зазначыў прэм'ер-міністр.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?