Суд у Паўночнай Ірландыі прызнаў уладальнікаў пякарні Ashers Baking Company вінаватымі ў дыскрымінацыі лесбіянак, геяў, бісэксуалаў і трансгендэраў за адмову вырабіць торт з надпісам у абарону аднаполых шлюбаў.

Першапачаткова кампанія прыняла замову гей-актывіста Гарэта Лі на выраб торта з надпісам «Падтрымайце гей-шлюбы», аднак пазней адмяніла яе і прапанавала вярнуць грошы. У адказ Лі звярнуўся ў суд, абвінаваціўшы пякарню ў дыскрымінацыі на падставе сэксуальнай арыентацыі. У сакавіку на судзе ён распавёў, што адмова пякарні прымусіла яго адчуць сябе «нічога не вартым».

У адрозненне ад іншых частак Злучанага Каралеўства, у Паўночнай Ірландыі аднаполыя шлюбы не легалізаваныя.

У рашэнні суда адзначаецца, што Ashers Baking Company «вядзе бізнэс для атрымання прыбытку» і не з'яўляецца рэлігійнай групай, нягледзячы на тое, што ўладальнікі кампаніі — хрысціяне.

Па словах суддзі, ён прызнае, што супрацоўнікі пякарні маюць «шчырыя і глыбокія» рэлігійныя погляды, аднак гэта не вызваляе іх ад дзеяння закона аб дыскрымінацыі.

Адвакаты бакоў загадзя ўзгаднілі кампенсацыю ў 500 фунтаў стэрлінгаў (775 даляраў), якую Лі, па словах яго адваката, мае намер ахвяраваць на дабрачыннасць.

Перад вынясеннем рашэння менеджэр пякарні Дэніэл Макартур заявіў: «Мы з радасцю абслугоўваем усіх, аднак мы не можам прасоўваць тое, што супярэчыць словам Бібліі аб шлюбе. Мы спрабуем кіравацца ў нашых дзеяннях хрысціянскай верай».

Намеснік першага міністра Паўночнай Ірландыі ад партыі Шын Фейн Марцін Макгінэс павітаў рашэнне, заявіўшы, што гэта «добры вынік для роўнасці». У той жа час дэпутат ад канкуруючай Дэмакратычнай юніянісцкай партыі Пол Гіван заявіў, што рашэнне суддзі уяўляе сабой атаку на рэлігійныя перакананні людзей.

«Нельга мець іерархію правоў, а тут вызначаецца выразная іерархія, якая прадугледжвае, што правы геяў важнейшыя за правы людзей на рэлігійныя перакананні», — заявіў Гіван.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?