Прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў падпісаў пастанову, якая адмяняе дазвол на транзіт узбраенняў і іншых ваенных грузаў НАТА ў Афганістан праз расейскую тэрыторыю.

У дакуменце, размешчаным на афіцыйным партале прававой інфармацыі, удакладняецца, што такое рашэнне прынята ў сувязі са спыненнем дзеяння рэзалюцыі Рады бяспекі ААН ад 2001 года, у адпаведнасці з якой і быў дазволены транзіт ваенных грузаў у Афганістан праз Расію.

Рэзалюцыя заклікала ўсе дзяржавы дапамагаць Міжнародным сілам садзейнічання бяспецы ў Афганістане (ISAF). У сувязі з гэтым у 2008 годзе Расія прыняла пастанову, якая дазваляе транзіт праз яе тэрыторыю грузаў для вайскоўцаў ISAF.

У снежні мінулага года ЗША і НАТА афіцыйна завяршылі актыўную частку аперацыі ў Афганістане. Пры гэтым было вырашана, што частка вайсковага кантынгенту застанецца ў краіне і пасля вываду асноўных войскаў.

На дадзены момант колькасць кантынгенту НАТА ў Афганістане ацэньваецца ў 13 тысяч чалавек, з якіх амаль дзесяць тысяч складаюць амерыканскія вайскоўцы. Пры гэтым у пачатку 2015 года ў краіне актывізаваліся ісламісцкія групоўкі, у сувязі з чым улады папрасілі Вашынгтон запаволіць вывад сваіх войскаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?