Даследчыкі Google і Універсітэта Вашынгтона распрацавалі алгарытм, што дазваляе збіраць фота карыстальнікаў у відэа такім чынам, нібы відэа здымаліся з аднога ракурсу цягам некалькіх год.
Атрыманыя таймлапсы дэманструюць змены ландшафтаў — як прыродных, так і ўрбаністычных. Тое, на што раней сыходзілі гады, алгарытм робіць за 6 гадзін.
У эксперыменце даследчыкі скарысталіся 86 мільёнамі здымкаў з хостынгаў Picasa і Panoramio, з якіх адабралі больш за 20 тысяч кластараў з сотнямі фота з аднога ракурсу. З іх былі абраныя тыя кластары, што мелі больш за тысячу здымкаў.
Узяўшы за аснову адзін базавы кадр, алгарытм «time-lapse mining» наклаў на яго астатнія фота, упарадкаваныя па даце. Фота былі набліжаныя адно да аднога па асвятленні і колерах.





