Міністэрства інфармацыі вынесла папярэджаньне парталу Tuzin.fm, паведамляе сайт музычнага парталу.

«Тузін» у шоку. У лісце з Міністэрства інфармацыі Беларусі за подпісам міністара Ананіч вядзецца пра тое, што ўладальніку сайту Tuzin.fm вынесена папярэджанне «за распаўсюд непраўдзівай інфармацыі, якая можа нанесці шкоду дзяржаўным або грамадскім інтарэсам», — гаворыцца ў паведамленні tuzin.fm

У адказ на гэты ліст кіраўнік Tuzin.fm Сяргей Будкін даслаў у Міністэрства інфармацыі ўсе звесткі, якія просіць прадаставіць Лілія Ананіч.

«Наш партал працуе ўжо 12 год і за гэты час зрабіў нямала для таго, каб пра беларускую музыку дазналіся як мага болей людзей. Мы напісалі тысячы матэрыялаў (праўдзівых, а як жа ж яшчэ!) пра нашых выканаўцаў, прадставілі вялізарную колькасць песень і альбомаў, правялі з сотню канцэртаў, рэалізавалі дзясяткі грамадска-значных праектаў, сярод якіх «Перазагрузка», «Апошні золак», «Тузін. Немаўля», «Засьпявай.by». І гэта проста нямысліма пачуць пасля гэтага ад чыноўнікаў, што мы шкодзім дзяржаўным і грамадскім інтарэсам. Мы вельмі спадзяемся, што з боку Міністэрства выйшла недарэчнасьць і яна будзе папраўлена ў хуткім часе», — заяўляе з гэтай нагоды Сяргей Будкін.

Сітуацыю пракаментаваў кіраўнік Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец. «Гэта не першы выпадак, толькі што падобныя лісты атрымала таксама «Радыё Рацыя» і сайт «Свабодны рэгіён». Пакуль няясна мэта Міністэрства інфармацыі. Магчыма яны хочуць узяць сайты пад свой кантроль, а магчыма заблакаваць. Тэарэтычна такая магчымасьць існуе».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0