Пра гэта спявак заявіў у інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат», адказваючы на пытанні чытачоў.

Адказваючы на пытанне, ці ў курсе ён, што адбываецца ў грамадска-палітычным жыцці краіны і свету, Саладуха зазначыў: «Безумоўна, я намагаюся ўсё адсочваць і нічога не прапускаць».

— У такім выпадку чый усё-такі Крым?

— Вядома расійскі, чый жа яшчэ? Гэта і каню зразумела. Спакон вякоў, Севастопаль, рускі флот — гэта ўсё, вядома, расійскае.

Адказаў А. Саладуха і пытанне, як ён ставіцца да беларускай мовы.

«Стаўлюся да яе выдатна. Хочаш размаўляць па-беларуску — размаўляй, не хочаш — размаўляй па-расійску, тут прымушаць нікога нельга. Мова выдатная, прыгожая, шыкоўная. Што да падтрымання — не ведаю, гэта ўжо няхай вырашаюць людзі «наверсе», — мяркуе ён.

Пракаментаваў спявак і сваё стаўленне да лозунгу «Жыве Беларусь!»

«Мне падаецца, гэты лозунг абсалютна не палітычны, а нармальны, чалавечы лозунг. Паглядзіце, як вырасла краіна. За 21 год шмат чаго змянілася. Паглядзіце на Мінск — ну еўрапейская сталіца! Пра што можна казаць? Дарогі, парадак, дысцыпліна, колькі пабудавана, усюды і паўсюль, асабліва ў Мінску. Колькі расійскіх, еўрапейскіх і сусветных зорак выступаюць у нас. Было гэта ў 1994 годзе?

А наагул я ў гэты лозунг укладаю наступнае: «Жыві, Беларусь, жыві, родная краіна! Квітней мацней, ярчэй, багацей!» — гэта ж такім чынам успрымаецца сэнс гэтага лозунгу.

У студзені вунь у Егіпет лёталі – чартэры кожны дзень з Беларусі бітком набітыя, а кажуць, дрэнна жывуць», — рэзюмуе Саладуха.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0