Крымінальная справа ў сферы незаконнага звароту наркотыкаў па ч. 1 арт. 328 КК распачата ў дачыненні да 24-гадовага жыхара Бераставіцкага раёна, які арганізаваў наркалабараторыю.

Як паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама, малады чалавек, каб, на яго думку, заставацца ў цяні, усё зрабіў у закінутым доме, які даўным-даўно ніхто не наведваў. Падазраваны ў незаконным звароце наркотыкаў нават паспеў сабраць невялікі ўраджай недаспелых канопляў, пакуль пра яго сельгассхільнасці не даведаліся аператыўнікі мясцовага райаддзела міліцыі.

Падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў хлопца затрымалі проста «на працоўным месцы». Падчас агляду памяшкання міліцыянты канфіскавалі восем кустоў канопляў, таймер, электронныя вагі, некалькі цеплавых вентылятараў, лямпы, а таксама іншыя аксэсуары.

Падазраваны падышоў да справы з усёй адказнасцю. Каб не загубіць ўраджай, ён вёў табліцы, у якіх паказваў тэмпературу і час паліву раслін. Дадзеныя аналізаваліся, пасля чаго прымаліся адпаведныя рашэнні па далейшым доглядзе за каноплямі.

Паводле інфармацыі оперупаўнаважанага групы па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Бераставіцкага РАУС Мікалая Лапінскага, насенне канопляў хлопец замовіў у інтэрнэце. Пасылкай яны прыйшлі з-за мяжы. Да моманту затрымання «аграрыя» ураджай выспеў толькі напалову (з моманту пасадкі насення прайшло два месяцы).

Папярэдне ўстаноўлена, што «траўку» малады чалавек вырошчваў для сябе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?