Баевікі «Ісламскай дзяржавы» захапілі частку Пальміры — старажытнага горада, уключанага ў спіс сусветнай спадчыны ЮНЭСКА. Дырэктар праваабарончай арганізацыі Syrian Observatory for Human Rights Рамі Абдэль Рахман паведаміў, што ісламісты занялі паўночную частку горада.

«Ісламская дзяржава» пачала наступ на Пальміру ў сераду. У ходзе наступу ў чацвер і пятніцу, паводле дадзеных праваабаронцаў, былі забітыя не менш за 49 мірных жыхароў.

Пальміра — старажытны горад, размешчаны прыкладна за 240 кіламетрах ад Дамаска. Першыя згадкі пра яго ставяцца да другога тысячагоддзя да нашай эры. Свайго росквіту Пальміра дасягнула ў I-III стагоддзях нашай эры, калі ўваходзіла ў склад рымскай правінцыі Сірыя. У горадзе захаваліся шматлікія гістарычныя помнікі і цэлыя архітэктурныя ансамблі, выяўленыя ў часе раскопак, якія працягваюцца з пачатку XX стагоддзя.

У пачатку сакавіка баевікі «Ісламскай дзяржавы» бульдозерамі разбурылі руіны старажытнага горада Німруд на поўначы Ірака.

У канцы лютага ісламісты апублікавалі відэа, на якім знята, як яны знішчаюць старажытныя помнікі ў іракскім горадзе Масул. У прыватнасці, з дапамогай дрыля і кавадлы яны разбурылі асірыйскую статую крылатага быка з галавой чалавека, якая адносіцца да VII стагоддзя да нашай эры. Акрамя таго, баевікі ўзарвалі бібліятэку Масула і спалілі ў ёй каля 10 тысяч кніг. У калекцыю ўваходзілі кнігі і мапы часоў Асманскай імперыі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0