Матэрыялы адміністрацыйнай справы аб паклёпе на міліцыянера, у якім абвінавачваецца выдавец незалежнай крычаўскай газеты «Вольны горад», 15 мая вернуты ў мясцовы РАУС на дапрацоўку.

Нагадаем, у красавіку оперупаўнаважаны Крычаўскага РАУС Аляксандр Дзямешка абвінаваціў выдаўца крычаўскай незалежнай газеты «Вольны горад» Уладзіміра Кудраўцава ў распаўсюджванні непраўдзівых звестак: нібыта міліцыянер пагражаў яму распачынаннем крымінальнай справы за паклёп пры разборы па яго заяве ў дачыненні да начальніка раённага аддзела ідэалогіі, культуры і па справах моладзі Марыны Максімавай. Кудраўцаў віну не прызнае.

«Згодна з пастановай крычаўскага суда матэрыялы справы, якія прадставілі супрацоўнікі Крычаўскага РАУС, вернуты назад у міліцыю з-за таго, што яны не адпавядаюць патрабаванням Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях і фактычна не павінны былі быць прынятыя да судовай вытворчасці», — расказаў БелаПАН журналіст «Вольнага горада» Мікалай Гердзій, які прысутнічаў на судовым пасяджэнні. 

Паводле яго слоў, ні сам Аляксандр Дзямешка, ні хтосьці з крычаўскай міліцыі на суд не прыйшлі. Суддзя задаволіла ўсе хадайніцтвы, заяўленыя Кудраўцавым. «Было тры хадайніцтвы. Ён прасіў далучыць да справы заяву ў пракуратуру і адказ на заяву з Крычаўскага РАУС. Запрасіць у якасці сведкі Сяргея Няроўнага — рэдактара газеты «Вольны горад». І трэцяе хадайніцтва — запытаць з Крычаўскага РАУС аўдыязапіс яго размовы з Дзямешкам, каб устанавіць ці былі факты пагрозы з боку Дзямешкі аб распачынанні крымінальнай справы за паклёп», — расказаў Гердзій.

На яго думку, «справа шытая белымі ніткамі» і ў ёй яўна прасочваецца спроба заткнуць рот незалежным журналістам.

У лістападзе 2014 года Кудраўцаў падаў у пракуратуру Крычаўскага раёна заяву з інфармацыяй аб тым, што мерапрыемствы ў вёсках і справаздачы аб іх правядзенні аддзелам ідэалогіі, культуры і па справах моладзі пішуцца фармальна, рэальныя конкурсы і канцэрты праводзяцца вельмі рэдка. Выдавец са спасылкай на чытача выдання сцвярджаў, што платныя паслугі насельніцтву фактычна «робяць» работнікі клубаў і бібліятэк, здаючы для гэтага грошы са сваіх заробкаў. Рабіць гэта іх прымушаюць дырэктары ўстаноў, пры гэтым Максімава нібыта такія факты не спыняе, а заплюшчвае на іх вочы. Таксама ў заяве Кудраўцаў прыводзіў факты злоўжыванняў службовым становішчам, якія нібыта ўчыняла Максімава. 

У пачатку красавіка гэтага года пасля міліцэйскай праверкі Кудраўцаву паведамілі, што факты ўчынення крадзяжоў і злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі з боку Максімавай свайго пацвярджэння не знайшлі, таму прынята рашэнне аб адмове ў распачынанні крымінальнай справы.

8 снежня 2014 года суд Крычаўскага раёна, пастанавіў, што артыкул «Не ў сваім крэсле?», апублікаваны ў «Вольным горадзе», нанёс урон гонару, годнасці і дзелавой рэпутацыі Максімавай. Суд пастанавіў спагнаць з журналістаў Уладзіміра Кудраўцава, Сяргея Няроўнага і Мікалая Гердзія на карысць Максімавай 7 млн. рублёў у якасці кампенсацыі маральнага ўрону, а таксама 450 тыс. рублёў дзяржпошліны і 3 млн. 600 тыс. рублёў за паслугі адваката, нанятага ісціцай. Магілёўскі аблсуд згадзіўся з вердыктам Крычаўскага райсуда.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?