Двудушша — зьява вядомая ўсім і выдатна паданая ў беларускім кантэксьце М. Гарэцкім. На зломе культураў, моваў, часоў пэўныя асобы, групоўкі, а часам і цэлыя народы, сапраўды, пачынаюць мутаваць, мець ня проста па некалькі культурных, моўных, сьветапоглядных кодаў, па некалькі пашпартоў, але і па некалькі душаў. І, вядома, гэта ані дрэнна, ані добра — так ёсьць і кропка.

Прыклад ЭГУ — цудоўны ўзор такой мясцовай, рэгіянальнай мутацыі. Тут побач суіснуюць, ужываюцца ня дзьве, а тры вялікія тэндэнцыі: заходняя, эўрапейская касмапалітная з аднаго боку, беларуская і нават беларускацэнтрычная, беларускамоўная з другога, і, з трэцяга (геапалітыка, гісторыя oblige!) прарасейская, расейскацэнтрычная. Цікава, што ў ЭГУ ёсьць прадстаўнікі ўсіх гэтых плыняў як у чыстым выглядзе, так і мяшаным.

Цікавостка і прагрэс гэтага ўнівэрсытэту якраз і палягае ў разнастайнасьці, мяшаніне, гетэрагеннасьці, дэмакратычнасьці культуры ці нават культураў, якія суіснуюць у Вільні. Бо сама Вільня з сваёй разнашэрснай культурай і гісторыяй спрыяе, прынамсі спрыяла, дэмакратычнаму клімату. 

Іншы плюс ЭГУ, як гэта бачылася мне, палягаў у тым, што гэта быў і застаецца, праўда, усё у менш выразнай форме, праект беларускі і хутчэй левы і левацэнтрысцкі, унівэрсалісцкі. У тым сэнсе, што не правы, не лібэральны. Адкуль незадаволенасьць гэтым праектам з боку ці не бальшыні калядэмакратычнай правацэнтрысцкай і правай апазыцыі. Праект, які кампрамісаваў паміж зыдэалягізаванай савецкай адукацыяй Беларусі і апазыцыйнымі правымі нацыяналісцкімі ці абавязкова правацэнтрысцкімі і зачастую лібэральнымі адукацыйнымі праектамі. На тле гэтага ЭГУ зьяўляўся такім тыповым унівэрсытэцкім левым асяродкам на францускі ці італійскі капыл. Праўда, уліваньне апошнім часам правай летувіскай і лібэральнай амэрыканскай крыві значна размыла старую канфігурацыю.

Акрамя плюсаў, вядома, усюль заўважаюцца і мінусы. Так, на маю думку, цяперашні стан трыдушша зусім не збалянсаваны: ЭГУ асьцярожнічае з беларускасьцю, не выкарыстоўвае і недаацэньвае рэсурс мовы, беларускіх штудыяў, залішне мэнэджарызуецца тады, калі ў Беларусі дэмаграфічная яма і папросту няма сэнсу прапаноўваць тым адзінкам-дзясяткам, якія йдуць у ЭГУ рынкавыя правілы гульні. ЭГУ перабольшвае з лібэральнай амэрыканскай адукацыяй, перабольшвае з місыяй і роляй як ангельскай, так і расейскай мовы. Не карыстаецца напоўніцу нутраным рэсурсам, прыцягвае неапраўданыя вонкавыя, не заўжды прафэсійныя кадры і г.д.

Ну і іншая заўвага: ЭГУ хварэе на тыповую беларускую хваробу патрыярхатнасьці, вузкалоб'я. Патрыярхатнасьці ня толькі ў фэмінісцкім крытычным разуменьні, калі папросту кабеты не дапускаюцца да вышэйшага кіраўніцтва, але і ў тым, што старая генэрацыя прафэсарства не саступае шлях маладым, акамулюе функцыі, пасады. Але гэта тыповая беларуская хвароба: ну ня могуць, ня хочуць, баяцца, шкадуюць зубры сыходзіць прыгожа, а галоўнае своечасова! Ды ўнізе ня зубры, а зубраняты так сьлепа, па-нявольніцку даюць веры ў непахіснасьць і сьвятасьць бацькоў ці бацькі-заснавальніка. На жаль, тут ЭГУ ня можа стаць прыкладам для краіны, на жаль, ЭГУ тут застаецца тыповай беларускай патрыярхатнай інстытуцыяй.

І, канечне, варта спыніцца крыху на беларускасьці ЭГУ, бо чуецца шмат спрэчак і абвінавачваньняў у бок ЭГУ з гэтай нагоды. Канечне, ЭГУ — беларускі ўнівэрсытэт, бо бальшыня супрацоўнікаў, выкладнікаў і студэнтаў перадусім — беларусы, прынамсі грамадзяне Беларусі. Тое, што бальшыня зь іх не беларускамоўныя нічога не азначае: бальшыня цяперашніх беларусаў расейскамоўныя. І тут ЭГУ — люстэрка грамадзтва.

Затое якія ў ЭГУ былі і застаюцца адзінкі-беларускамоўныя: непаўторныя Сагановіч, Смалянчук, Дубянецкая, Харэўскі, менш вядомыя, але ж цалкам прынцыповыя і чароўныя ў сваёй беларускамоўнасьці Стурэйка, Іваноў, Шакун.

Да ўсяго моўная палітыка ўнівэрсытэту вельмі адкрытая: выкладнік мае магчымасьць выкладаць па-беларуску ці па-расейску. І ніхто ніколі нікому не забароніць выбраць першую ці другую мову. Тады як у самой Беларусі вельмі часта ці ўжо амаль паўсюдна гуманітарныя курсы выкладаюцца аўтаматычна па-расейску. Мажліва, ЭГУ не піянэрнічае, не вядзе наўмыснай палітыкі беларусізацыі, але тут ня толькі праблема ў кіраўніцтве, колькі ў выкладніцтве і студэнцтве — на жаль, яны не кампэтэнтныя, не гатовыя выйсьці з зачараванага кола звычкі, завядзёнкі жыць, гутарыць, працаваць па-расейску. Прынамсі ЭГУ працуе ў рэальным шматмоўным рэжыме, чаго папросту няма ў Беларусі.

Калі быць шчырай, варта сказаць вось яшчэ што: калі-нікалі ў ЭГУ заўважаецца, усплывае прынцыповая, адданая расейскасьць, расейскацэнтрычнасьць некаторых беларускіх прафэсараў, выкладнікаў. Менавіта не расейскамоўнасьць, што і так відавочна, чакальна, а расейскадумнасьць, расейскацэнтрычнасьць, калі ўсе спасылкі, аўтарытэты, арыентыры на лекцыях, у размовах месьцяцца ня проста ў расейскай мове, а якраз у расейскай культуры. Калі акрамя простых спасылак скрозь і ўсюль мільгацяць імёны-арыентары расейскіх аўтараў, філёзафаў, ідэолягаў і пад. Цікава, такія асобы лічаць сябе беларусамі, імкнуцца быць эўрапейцамі, а мараць, фантазмуюць і спачуваюць усяму савецка-расейскаму. І вельмі страшна ўспрымецца гэтая расеяфільская тэндэнцыя пэўнай часткі выкладнікаў, нават прафэсараў на тле расейска-ўкраінскай вайны.

І ў цяперашняй вельмі складанай сытуацыі спадзеў зусім не на новага і такога лішняга ў ЭГУ рэктара, а хіба на беларускіх студэнтаў — будучыню ЭГУ, якія дасюль маўчаць і першымі стрэсуюць ад новых выпрабаваньняў і экспэрымэнтаў. Спадзеў, што студэнты ўмела збалансуюць трыдушша і знойдуць сябе ў эўрапейскай беларускасьці. Спадзеў, што трыдушша ня стане бяздушшам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?