Міністэрства інфармацыі Беларусі даслала ў рэдакцыю Беларускага Радыё Рацыя пісьмовае папярэджанне за невыкананне закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі». У лісце паведамляецца, што на сайце racyja.com выяўленыя парушэнні заканадаўства аб СМІ і запытваецца інфармацыя пра ўладальніка інфармацыйнага рэсурсу.

Старшыня ўправы Беларускага радыё «Рацыя» Яўген Вапа адзначае, што па-першае, СМІ дзейнічае ў межах польскага заканадаўства, а па-другое, свае дадзеныя ніколі і не хавала:

 — Хацеў бы падзякаваць за такую рэкламу нашага радыё, якую робіць міністр Ананіч. Мы з’яўляемся ўстановай, якая дзейнічае паводле законаў польскай дзяржавы, усе дадзеныя ёсць на нашым сайце. Калі мы падаем запыты адносна акрэдытацыі нашых журналістаў у беларускае МЗС, то там прысутнічае поўная інфармацыя згодна з усімі статутамі. Прасіў бы можа, каб была каардынацыя паміж міністэрствамі. Мы з’яўляемся незалежным медыя, і мне здаецца, што гэта вялікая памылка, абсалютна несур’ёзны крок, калі на СМІ, якое не мае нічога супольнага з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь, ідуць такія звароты.

РР: Што нам пагражае ў сувязі з гэтым папярэджаннем?

Яўген Вапа: Такімі лістамі спадарыня міністр Ананіч, мабыць, проста хоча зрабіць нам бясплатную рэкламу. Калі сур’ёзна, то калі хтосьці і наносіць шкоду іміджу Рэспублікі Беларусь, то гэта робіць спадарыня міністр. Гэта чарговае пацверджанне, што нічога супольнага з дэмакратыяй ці свабодай слова ў Беларусі, з існаваннем незалежных СМІ – няма. Гэта сумны доказ перад рыжскім самітам, які адбудзецца праз тыдзень, дзе будуць гаварыць пра нармалізацыю і пацяпленне адносін з Еўразвязам, а тут такія лісты. Цікавым з’яўляецца тое, што гэты ліст прыйшоў на нашу электронную скрыню, у той час калі тое, што патрабуе ад нас міністэрства інфармацыі, ёсць на нашай інтэрнэт-старонцы.

РР: Ці былі пералічаныя канкрэтныя факты парушэнняў?

Яўген Вапа: Міністэрства інфармацыі проста магло б звярнуцца ў беларускае Міністэрства замежных спраў, куды нашы карэспандэнты кожны раз падавалі заявы на акрэдытацыю, каб працаваць на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Увесь пакет дадзеных пра вяшчанне, структуру, уласніка – ўсё гэта кожны раз падаецца менавіта ў МЗС. Усе нашыя паперы з усімі статутамі, чакаючы на акрэдытацыю, знаходзяцца ў Міністэрстве замежных спраў Рэспублікі Беларусь.

Неаспрэчным фактам для мяне з’яўляецца тое, што спадарыня Ананіч узяла сабе да сэрца тое, што яе пахваліў кіраўнік дзяржавы, і сапраўды хоча пазакрываць усё, што магчыма, усе незалежныя сайты, хоча давесці інтэрнэт-прастору Рэспублікі Беларусь да нулявога стану. За кожнае слова, за кожны сказ заўсёды можна абвінаваціць, што ты нейкім чынам наносіш шкоду іміджу Рэспубліцы Беларусь, калі гаворыш праўду.

Пагроза ў тым, што мы не першыя і не апошнія, хто будзе атрымліваць такія паведамленні. Мы дзейнічаем легальна ў Рэспубліцы Польшча, дзейнічаем згодна з польскім медыйным заканадаўствам, вяшчаем, маем ліцэнзіі згодна з усімі нормамі. Цікава, калі мы, напрыклад, не прадставім гэтыя дадзеныя, якія даступныя, ці прыедзе да нас у Беласток нейкі кантроль з Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь. Гэта быў бы абсурд, але гэта доказ таго, што хтосьці хоча запалохаць нашых журналістаў у іх прафесійнай дзейнасці. Гэта чарговы спосаб нейкім чынам паказаць, што яны ўсё бачаць і ведаюць. Будуць здзяйсняцца перашкоды ў працы журналістаў, што дагэтуль робіцца, бо нашыя журналісты без акрэдытацыі, якім выносяцца судовыя папярэджанні і штрафы. Быць незалежным журналістам у Беларусі даволі цяжка.

РР: Нас у Беларусі афіцыйна няма, чаму тады прыходзяць нейкія пагрозы?

Яўген Вапа: Радыё прадстаўляе розныя меркаванні, з вялікай прыемнасцю даем выказванні прэс-інфарматараў беларускіх міністэрстваў, службаў, беларускіх дыпламатаў у Польшчы, паказваем трансгранічнае супрацоўніцтва, беларускую актыўнасць, рэкламуем беларускую культуру ў Польшчы, а таксама калі ідзе пра спартыўны ўхіл. Наколькі гэта будзе мець масавы характар – трэба будзе праверыць, ці атрымалі такія папярэджанні іншыя СМІ. Я чытаў на радыё «Свабода», што менавіта сёння нешта такое атрымаў адзін рэгіянальны рэсурс. У нас усё празрыстае, адкрытае, таму высылаць такое ў іншую краіну, калі мы заканадаўча, юрыдычна не маем ніякага дачынення – гэта звычайная неахайнасць, памылка. Гэта абсалютнае неразуменне таго, чым павінна займацца Міністэрства інфармацыі. Лічу, што ў сённяшнія часы Міністэрства інфармацыі гучыць даволі пагрозліва і нагадвае самыя дрэнныя часы, і яно, відаць, пачынае выконваць такую ролю.

РР: Ці варта чакаць нейкіх ускладненняў слухачам і чытачам?

Яўген Вапа: Наш сайт цалкам беларускамоўны, таму калі мы атрымліваем ліст на расейскай мове — гэта крыху непрыстойна для краіны, якая называе сябе Рэспублікай Беларусь. Слухачы і чытачы сапраўды могуць мець нейкія складанасці, бо Рэспубліка Беларусь падпісала дамову з Кітайскай Народнай Рэспублікай, сярод іншага, у тэхнічнай галіне — гэта дазваляе блакаваць інтэрнэт-сайты. Відавочна, вяшчанне становіцца праблемай. Мы думаем, што будзем неяк гэта вырашаць, бо тэхніка развіваецца і нешта можна будзе зрабіць. Як вядома перад выбарамі, увосень адбудуцца выбары кіраўніка дзяржавы, які не мае ніякай канкурэнцыі. Тут справа ў шырокім доступе да свабоднага слова, мне падаецца, ўся праблема ў тым, што мы пачалі быць распазнавальнымі дзякуючы працы нашых журналістаў, дзякуючы працы нашага сайта Беларускае Радыё Рацыя стала неад’емнай часткай беларусаў, таму такія дзеянні.

У лісце, падпісаным міністрам інфармацыі Ліліяй Ананіч, які прыйшоў у рэдакцыю па электроннай пошце, адзначаецца, што Беларускае радыё «Рацыя» не выконвае патрабаванні па ліквідацыі парушэнняў заканадаўства, распаўсюджвае забароненую, або абмежаваную да распаўсюду ў Беларусі інфармацыю. 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?