Ва ўсіх абласцях Беларусі і Мінску будуць створаныя аўтагарадкі для практычнага навучання дзяцей правілам дарожнага руху і адпрацоўкі навыкаў бяспечных паводзінаў на дарозе, паведаміла на прэс-канферэнцыі 15 мая ў сталіцы каардынатар Дзіцячага фонду ААН (ЮНІСЕФ) па пытаннях здароўя і развіцця дзяцей і падлеткаў Вікторыя Лазюк.

Паводле яе слоў, аўтагарадкі будуць створаныя ў межах праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі па прафілактыцы дзіцячага траўматызму, які рэалізуецца ў Беларусі ў 2014—2016 гадах. Адной з мэтаў праекта з'яўляецца зніжэнне да 2017 года на 10% дзіцячай смяротнасці і дзіцячай інваліднасці ад знешніх прычын.

У межах праекта таксама будзе распрацаваны новы дызайн куткоў бяспекі дарожнага руху, якія, паводле слоў Лазюк, «будуць цікавыя і для малодшага, і для сярэдняга школьнага ўзросту». Такія інфармацыйныя стэнды будуць усталяваныя ў 250 установах агульнай сярэдняй адукацыі пераважна ў сельскай мясцовасці. Апрача таго, будзе распрацаваная вонкавая сацыяльная рэклама па тэме бяспечных паводзінаў дзяцей на дарозе, сацыяльныя відэаролікі, буклеты для бацькоў. 

На базе перынатальнага цэнтра РНПЦ «Маці і дзіця» і абласных перынатальных цэнтраў будуць дзейнічаць інфармацыйныя навучальныя цэнтры для бацькоў па стварэнні бяспечных умоў жыцця дзіцяці як дома, так і на вуліцы і ў транспарце.

Для павышэння навыкаў і ведаў спецыялістаў будзе створаны рэспубліканскі і шэсць абласных каардынацыйных цэнтраў, каардынацыйны інфармацыйна-метадычны рэсурсны цэнтр на базе РНПЦ траўматалогіі і артапедыі, будуць распрацаваныя два віды метадычных рэкамендацый: для супрацоўнікаў упраўленняў і падраздзяленняў УДАІ МУС — па працы ва ўстановах адукацыі па прафілактыцы дзіцячага дарожнага траўматызму, для педагогаў — па арганізацыі адукацыйных і выхаваўча-прафілактычных мерапрыемстваў для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту і вучняў агульнаадукацыйных устаноў па бяспечных паводзінах на дарозе і ў транспарце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?