У Брэсцкім раёне 15 мая каля васьмі раніцы адбылося ДТЗ з удзелам маршрутнага таксі.
Як паведаміла начальнік аддзялення па агітацыі і прапагандзе ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама Наталля Сахарчук, 56-гадовы кіроўца маршруткі маркі «ГАЗ», які выязджаў на трасу М1 з другараднай дарогі (паварот на Клейнікі), сутыкнуўся з грузавым аўтамабілем «МАН». Фура рухалася па галоўнай дарозе, за рулём знаходзіўся 34-гадовы грамадзянін Польшчы.
У выніку пацярпеў кіроўца «ГАЗа» (жыхар Брэста). З закрытай чэрапна-мазгавой траўмай і пераломам рэбраў ён шпіталізаваны ў Брэсцкую абласную бальніцу. Маршрутнае таксі толькі выязджала на лінію, пасажыраў у ім не было.
Ад удару «МАН» з'ехаў у кювет. Яго кіроўца не пацярпеў.
Абодва транспартныя сродкі атрымалі механічныя пашкоджанні. Маршрутнае таксі належыць аднаму з прыватных транспартных прадпрыемстваў Брэста.
Па факце дарожна-транспартнага здарэння праводзіцца праверка.





