16 мая ў Мінску пройдзе чарговая «Ноч Музеяў», мы вырашылі зрабіць падборку самага цікавага на гэтыя суткі. Сёлета сапраўды ёсць чым заняцца — пачынаючы ад фота на фоне вуха «Ван Гога» і заканчваючы майстар-класамі па зборы катапульты і самагонаварэнні.

Хто ж хоча з’ехаць з Мінска, то ў якасці варыянтаў прапаноўваем Мірскі і Нясвіжскі замкі.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча

Тэмай «Ночы музеяў» у музеі Максіма Багдановіча стала вясельная тэматыка. Для наведвальнікаў будзе прапанаваная адмысловая праграма, падчас якой можна будзе пазнаёміцца з беларускімі традыцыйнымі вясельнымі спевамі, паглядзець выступленне тэатральнай дзіцячай студыі, далучыцца да традыцыйных гульняў, якія праводзіліся раней на вячорках, паслухаць сучасныя моладзевыя гурты. А спецыяльна для маленькіх наведвальнікаў прапануецца дзённая праграма.

Калі: 14.00 – 23.00

Дзе: вул. Максіма Багдановіча, 7а

Кошт: 15 000 руб

дзённая частка праграмы (14.00-17.00) – уваход вольны.

Музей Якуба Коласа

У музеі Якуба Коласа ў гэты дзень будзе, напэўна, адна з самых насычаных і разнастайных праграм «Ночы музеяў». Пачнецца ўсё з інтэрактыўных экскурсій па «жывой экспазіцыі», пасля канцэрт «шэдэўраў еўрапейскага барока», падчас якога можна будзе пачуць віяланчэлі, фартэпіяна ды флейту. Да таго ж можна прыняць удзел у майстар-класах па вырабе паштовак у тэхніцы «квілінг», і напісанні карцін у незвычайнай тэхніцы. З 19.00 да 21.00 у дворыку выступяць вулічныя тэатры, з 21.00 да 22.30 у гасцінай на другім паверсе — вечар у французскім стылі. На адну гадзіну — з 19.00 да 20.00 — усім дадуць напісаць сваё патаемнае жаданне за сталом Якуба Коласа ягоным асабістым пяром. Напрыканцы свята – канцэрт гурту «Sunduk».

Калі: 16.00-24.00

Дзе: вул. Акадэмічная, 5 (ст.м. Акадэмія навук) 

Кошт: На ўсе мерапрыемствы, акрамя канцэрту, можна трапіць, проста купіўшы квіток у музей — 30 000 руб. Квіток асобна на канцэрт — 100 000 руб. Калі купіць квіток за 100 000 руб. загадзя, то ён будзе дзейнічаць на ўсе мерапрыемствы на працягу дня.

Мінскі музей папулярнай навукі «Элемента»

У гэты час можна будзе паслухаць шматлікія лекцыі, у тым ліку лекцыю пра «АЭС у Беларусі», «Галактыку і млечны шлях», а таксама паглядзець на навуковае шоў з вадкім азотам. Будуць і карысныя майстар класы. Напрыклад, «Як зрабіць катапульту»?

Калі: да 2-й ночы.

Дзе: вуліца Алешава, 1

Кошт: 50 000 руб. Для наведвальнікаў у белых халатах – бясплатна.

Галерэя Шчамялёва

Гарадская мастацкая галерэя Шчамялёва у гэты дзень прапануе сваім гасцям майстар-класы па маляванні ў любой тэхніцы. Фонам стане прыемная музыка і выстава.

Дзе: Ракасоўскага, 49

Калі: з 11.00, майстар класы з 16.00

Кошт: 10 000 руб.

Цэнтр сучасных мастацтваў

Цэнтр сучасных мастацтваў зробіць «Ноч у стылі Сцімпанк». Тут можна будзе паслухаць Пукста ці патанчыць пад музыку дыджэя. Як дадатак — паравая лялька і жывыя скульптуры.

Сцімпанк (англ. Steam — пар) — гэта адлюстраванне прыдуманага, фантастычнага свету, у якім чалавецтва пайшло па шляху ўдасканалення паравых машын і механізмаў, пры гэтым электрычнасці была адведзеная толькі дапаможная роля.

Дзе: Някрасава, 3

Калі: з 19.00 да 24.00

Кошт: 70 000 руб

Музей Азгура

Музей Азгура будзе мець выключна начную праграму, якая пачынаецца з 21.00. Прысвечана яна будзе кінарэжысёру Сяргею Параджанаву. Усю ноч у выставачнай зале і на фасадзе музея будуць паказваць ягоныя фільмы. У мемарыяльнай зале размесціцца інсталяцыя «У прысутнасці Параджанава» і будзе бесперапынна ісці дакументальная хроніка пра яго. У дворыку ўвечары сыграюць «Серебряная свадьба» і «Нагуаль», а потым на ўсю ноч — мікс ад Alex GooF. У скульптурнай зале пакажуць сучасныя фільмы, якія, на думку арганізатараў, супадаюць са стылістыкай Параджанава: «Апошнюю казку Рыты» Рэнаты Літвінавай, «Фантан» Дарэна Араноўскі, «Выжывуць толькі палюбоўнікі» Джыма Джармуша, і інш. Усю ноч будуць працаваць фуд-корт і лаўнж-зона.

Дзе: вуліца Азгура, 8.

Калі: з 21.00 да 6.00.

Кошт: 150 000 руб.

Расклад 

Музей Янкі купалы

Самы танны кошт на Ноч Музеяў менавіта тут. Уваход будзе каштаваць 1000 руб. Святочная праграма называецца «Вакол свету за адну ноч». Увесь вечар у самім музеі і ў парку будуць спяваць песні і танчыць нацыянальныя танцы 15-ці краін свету, з якімі так ці інакш звязана імя паэта: Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Чэхіі, Славакіі, Грузіі, Арменіі, ЗША, Кітая, Бразіліі, Індыі, Фінляндыі і Ізраіля. Усім дзецям абяцаюць салодкія падарункі.

Дзе: вуліца Янкі Купалы, 4

Калі: 16-17 мая з 19.00 да 1.00

Кошт: 1000 руб.

Расклад 

Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры

Тут пройдзе інтэрактыўнае шоу «Містэрыя майскай ночы». Ва ўнутраным дворыку будуць перформансы, джаз і запальныя танцы. Унутры музея можна будзе ўбачыць сучасную інтэрпрэтацыю «Здані оперы» у выкананні артыстаў Тэатра оперы і балета, а ў спецыяльным відэапакоі— паглядзець урыўкі з розных спектакляў.

Дзе: Музычны завулак, 5

Калі: з 19.00 да 24.00

Кошт: 70 000 руб.

Літаратурны музей Петруся Броўкі

Сёлета музей вырашыў зрабіць зрэз сучаснай гарадской культуры Мінска і запрасіць творцаў са сваімі праектамі.

Тут будзе і самая прэстыжная беларуская прэмія ў галіне прозы, і адкрыццё выставы сучаснай фатаграфіі, і цікавая лекцыя пра тое, як зрабіць сапраўды інтрыгуючы партрэт. Гэта не кажучы пра вулічных музыкаў і анімацыйную праграму кароткаметражных фільмаў ад міжнароднага кінафестывалю.

Калі: з 17.00

Дзе: вул. Карла Маркса, 30

Кошт – 30 000 руб. (да 18.00 – уваход вольны)

Нацыянальны гістарычны музей

Ужо з 16.00 дворык музея запрашае ўсіх на кірмаш майстроў «Вечаровы яблычак», дзе будуць праводзіцца майстар-класы па танцах, гульні на барабанах. Для малых падрыхтаваны спектакль-знаёмства з кнігай ад крамы «Сундучок дзіцячых кніг», пройдзе канцэрт музычных гуртоў. Для ўсіх наведвальнікаў ўваход на кірмаш бясплатны.

З 19.00 для ўсіх адчыніць дзверы і сам музей.

На выставе «Сальвадор Далі & Пабла Пікаса» наведвальнікі змогуць убачыць кераміку Пікаса, а таксама кераміку, графічныя работы і самыя знакамітыя скульптуры Далі. Можна будзе сфатаграфавацца ў вобразах вядомых мастакоў, надзеўшы, напрыклад, незвычайны пінжак-афрадызіяк Далі. Таксама наведвальнікаў чакае дэфіле ад мадэльнага агенцтва «Тамара» і японская міфалогія.

Дзе: вул. К. Маркса, 12,

Калі: з 16.00

Кошт: для дарослых — 190 000 руб, для студэнтаў — 140 000 руб, для школьнікаў — 110.000 руб.

Музей гісторыі беларускага кіно

У рамках міжнароднай акцыі «Ноч музеяў-2015» Музей гісторыі беларускага кіно запрашае наведаць старадаўнюю карчму, якая будзе адноўленая ў будынку музея пры ўдзеле супрацоўнікаў музейнага комплексу «Дудуткі». З 19.00 па 01.00 наведвальнікі карчмы змогуць пазнаёміцца са старадаўнімі рэцэптамі, стравамі, напоямі, застольнымі традыцыямі беларусаў. Можна будзе паспрабаваць папулярныя напоі, акунуцца ў атмасферу старадаўніх нораваў і звычаяў, абнавіць свае веды аб фальклорных традыцыях. У праграме таксама гульні, забавы, песні.

А яшчэ тут будзе выстава прысвечаная гісторыі самагонаварэння і барацьбе з ім.

Калі: з 19.00 до 1.00

Дзе: вул. Свярдлова, 4

Кошт: 30 000 руб.

Нацыянальны мастацкі музей

Сёлета тут будзе больш ціха.

Але, як заўсёды, найбольш інтэрактыўна і сучасна.

Наведвальнікаў будзе чакаць пакой шэптаў, пакой цішыні з выставай флуарэсцэнтнага і псіхадэлічнага мастацтва, жывымі карцінамі, босым студэнцкім тэатрам, вядучым фотапаляванне на сумных жывёл, фотазонай «Вуха Ван Гога», выставай крэслаў і інтэрактыўнай пляцоўкай «Анатомія пачуццяў», дзе навучаць распазнаваць смак кактуса, чуць колер «сцягна спалоханай німфы» і бачыць гукі космасу.

Тут абяцаюць, што кожны вызначыць для сябе, каторая цішыня яму больш за ўсё падыходзіць — шчымлівая або звонкая, мёртвая або крыклівая.

Дзе: вул. Леніна, 4

Калі: з 19.00 да 24.00

Кошт: 100 000 руб. (квіткі ўжо ёсць у продажы, лепш купляць загадзя, іх колькасць абмежаваная)

Расклад

Мірскі замак

Сёлета Мірскі замак падрыхтаваў сумесна з Рэспубліканскім тэатрам беларускай драматургіі прыемны падарунак для ўсіх наведвальнікаў. Ва ўнутраным дворыку замка адбудзецца паказ спектакля «Адамавы жарты « (па творах Францішка Аляхновіча і Леаніда Радзевіча).

Вясёлая гісторыя, яркая гульня маладых акцёраў, шмат музыкі, пластыкі. Пачатак спектакля а 19-й гадзіне, уваход вольны.

Нясвіжскі замак

Тут некалькі варыянтаў. Можна абраць займальнае падарожжа па залах Нясвіжскага магістрата, сустрэчы з гістарычнымі персанажамі, інсталяцыі, ролевыя гульні і віктарыны.

Кошт квітка:

школьнікі і студэнты: 20 000 руб., дарослыя: 40 000 руб.

Другі варыянт – падарожжа па інтэр'ерах палацавага ансамблю. З 20.00 да 23.00.

Абяцаюць музычнае суправаджэнне і нават містыку. Таксама будуць напоі і ежа. У завяршэнні вечара — баль у гонар цудоўных лэдзі: Барбары Радзівіл, Францішкі Уршулі Радзівіл і Марыі Дароты дэ Кастэлян дэ Талейран Радзівіл;

Кошт квітка: 

школьнікі і студэнты: 60 000 руб., дарослыя: 120 000 руб.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?