Вышэйшы суд Сербіі рэабілітаваў Драгалюба «Дража» Міхайлавіча — кіраўніка манархістаў, які падчас Другой сусветнай вайны павярнуў зброю супраць камуністаў і стаў саюзнікам Сербскага добраахвотніцкага корпуса СС, паведамілі сёння мясцовыя СМІ.
«Дража» Міхайлавіч, wikimedia.org
Міхайлавіч быў афіцэрам у каралеўскай югаслаўскай арміі і першым распачаў партызанскі супраціў нямецкай акупацыі вясной 1941 году. Югаслаўскія камуністы, якія знаходзіліся пад кантролем Масквы, пачалі актыўнае антынямецкае змаганне толькі пасля пачатку нямецка-савецкай вайны.
Пачаткова сербскія партызаны-манархісты (т.зв. «чэтнікі»), якімі кіраваў Міхайлавіч, спрабавалі супрацоўнічаць з камуністамі, аднак з лістапада 1941 года пачаліся ўзброеныя сутыкненні паміж атрадамі розных кірункаў, якія пераўтварыліся ў сапраўдную грамадзянскую вайну.
У выніку чэтнікі пастаянна вялі вайну супраць камуністаў, аднак пры гэтым супрацоўнічалі з сербскім урадам генерала Мілана Недзіча, які дзейнічаў з дазволу немцаў.
Чэтнікі, як і харвацкія скрайнія нацыяналісты-усташы, лічацца вінаватымі ў шматлікіх ваенных злачынствах супраць мірнага насельніцтва.
У залежнасці ад сітуацыі, Міхайлавіч таксама вёў перамовы і заключаў замірэнні з нямецкімі і італьянскімі акупантамі.
«Смерць камуне» — сербскія эсэсаўцы едуць на фронт, wikimedia.org.
У 1944 годзе, калі камуністычны партызанскі рух рэзка ўзмацніўся, а савецкая армія ўвайшла на тэрыторыю Югаславіі, Міхайлавіч стаў саюзнікам Сербскага добраахвотніцкага корпуса СС (Serbischer SS-Freiwilligen Korps), які разам з немцамі адступаў на поўнач і захад краіны.
Сам Міхайлавіч адмовіўся пакідаць Сербію і працягнуў партызанскае змаганне — цяпер ужо толькі супраць камуністаў і савецкіх войск. У 1946 годзе ён быў захоплены ў палон і пасля суда расстраляны разам з былым камандзірам Сербскага корпуса СС.
Цікава, ці адрэагуе Масква на рэабілітацыю сербскага праціўніка камуністаў, які супрацоўнічаў з нацыстамі, гэтак жа рэзка, як яна рэагуе на стаўленне ўкраінскіх уладаў да Сцяпана Бандэры і Рамана Шухевіча?





