Узор электроннага пашпарта, паказаны ў 2013 годзе. Фота: НЦЭП/minsknews.by
Адзіная электронная картка і сэрвісна-разліковая сістэма для Беларусі распрацаваная на ўзроўні канцэпцыі, паведамляе БелаПАН.
Дырэктар дэпартамента інфарматызацыі Мінсувязі Міхаіл Чашчын выказаў спадзеў на тое, што сістэма з’явіцца ў Беларусі ўжо ў 2019 годзе. Сёння шукаюцца сродкі для рэалізацыі канцэпцыі.
Картка будзе ўтрымліваць сістэмы аплаты, пашпартныя звесткі, інфармацыю па страхавых, пенсійных, медыцынскіх, транспартных і іншых паслугах.
Мяркуецца, што грамадзянін сам будзе абіраць, якія паслугі занесці ў картку. Сама картка будзе платнай.
У распрацоўцы карткі ўзялі ўдзел Мінсувязі, Мінэканомікі, МУС, ААЦ і неназваныя грамадскія аб’яднанні.
Падобныя праекты паспяхова дзейнічаюць за мяжой. Напрыклад, эстонская ID-kaart выдаецца з 2002 года. Яна выконвае функцыі пашпарта ў ЕС (паралельна эстонцы маюць папяровы пашпарт), праязнога ў Таліне і Тарту, а таксама дазваляе пакідаць электронна-лічбавы подпіс. Апошняе дае магчымасць рэгістравацца як на электронных парламенцкіх выбарах, так і на шэрагу звычайных сайтаў і форумаў.
Тым часам з іншым праектам інфарматызацыі Беларусі, пераходам на электронны дакументаабарот, дагэтуль ёсць праблемы, прызнаў Чашчын. Падключыць усе дзяржорганы і дзяржарганізацыі да электроннага дакументаабароту плануецца ўжо ў гэтым годзе, а за невыкананне плану прадугледжаная адказнасць.





