Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына вельмі задаволеная тым, што ў выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія павінны адбыцца сёлета не пазней за 20 лістапада, збіраюцца ўдзельнічаць некалькі кандыдатаў-жанчын.

Пра гэта яна заявіла сёння журналістам пасля пасяджэння Цэнтральнай выбарчай камісіі. Лідзія Ярмошына сказала:

«Жанчына — гэта такі ж самы чалавек, як мужчына. Гэта такі ж самы выбаршчык. А ў сацыяльным плане жанчына звычайна адыгрывае нават больш актыўную ролю за мужчын. І я веру, што ў нейкім часе ў нас кіраваць будзе жанчына. Я рэалістка і не веру, што гэта будзе на сёлетніх выбарах, але пазней гэта цалкам магчыма. Але для таго, каб жанчына сапраўды пачала кіраваць Беларуссю, трэба да гэтага прывучыць выбарцаў. А прывучаць іх якраз і можна толькі праз непасрэдны ўдзел жанчын-кандыдатаў у выбарчым працэсе».

На пытанне журналістаў, а як жа ў такім выпадку гэтыя словы спалучаюцца з вядомым выказваннем Лідзіі Ярмошынай пра тое, што жанчына павінна не ўдзельнічаць у палітычным працэсе, а варыць боршч, старшыня Цэнтравыбаркама адказала: «Ну, боршч можна варыць увечары. Напрыклад, як гэта раблю я».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?