У межах праграмы транспамежнага супрацоўніцтва «Польшча-Беларусь-Украіна» абвешчаны фатаграфічны конкурс «На Усходзе, на Захадзе» – погляд праз аб’ектыў камеры на ўнікальнасць усходніх рэгіёнаў Польшчы і заходніх абласцей Беларусі і Украіны.
Паводле ўмоў конкурсу, працы можна прадастаўляць у трох тэматычных катэгорыях: пачуцці і каштоўнасці – партрэт чалавека, бясконцасць пейзажа і кароткая гісторыя. У конкурсе маюць права прымаць удзел, як фатографы-прафесіяналы, так і аматары.
Такія конкурсы, па словах палітолага Алеся Лагвінца, спрыяюць прамоцыі Беларусі ў суседніх краінах і паляпшэнню яе іміджу:
«Самая вялікая праблема, якая існуе ўздоўж мяжы – гэта растучая асіметрыя. Можна зрабіць так, каб выйгравалі ўсе. У Беларусі патрэбныя турысты, беларусам ёсць што паказаць. Таксама ёсць магчымасць знайсці свае нішы».
Галоўная мэта конкурсу – прасоўванне і папулярызацыя звычаяў прыпамежных рэгіёнаў, а таксама культурных і ландшафтных асаблівасцяў гэтых тэрыторый. Лепшыя здымкі будуць прадстаўленыя на выставах у буйных гарадах усходняй Польшчы, а таксама заходняй Беларусі і Украіны. Аўтары- пераможцы будуць запрошаныя на спецыяльную выставу сваіх прац у Брусель.





