Міжнародная група навукоўцаў прадставіла ў Еўрапарламенце першае ў гісторыі апытанне пра ўзровень шчасця дзяцей 10-12 год. Яно атрымала назву Children’s Worlds.

Па выніках апытання 53 тысяч дзяцей на ўсіх кантынентах, самыя шчаслівыя жывуць у Турцыі і Румыніі, самыя незадаволеныя жыццём — у Паўднёвай Карэі і Паўднёвай Афрыцы.

Акрамя таго, самымі спартыўнымі па выніках апытання сталі польскія школьнікі, а самымі стараннымі ў вучобе — эстонцы.

Даклады былі прадстаўленыя па Алжыры, Калумбіі, Эстоніі, Эфіопіі, Германіі, Ізраілі, Паўднёвай Карэі, Польшчы, Паўднёвай Афрыцы, Іспаніі і Вялікабрытаніі. У хуткім часе будуць апублікаваныя аклады па Непале, Нарвегіі, Румыніі і Турцыі.

Дзяцей пыталі пра іх саміх, іх дом і іх блізкіх, грошы і маёмасць, адносіны з сябрамі і іншымі людзьмі, школу, здароўе, вольны і заняты час ды мясцовасць, у якой яны жывуць.

Па выніках даследавання дзеці глядзяць на жыццё пазітыўна, не бачаць сур’ёзных праблем — 61,5% апытаных задаволеныя жыццём на 10 з 10 балаў. Ды заўважна адрозніваецца разбежка адзнак па краінах.

У Турцыі, Румыніі і Калумбіі максімальную адзнаку свайму шчасцю паставілі каля 70% апытаных, а ў Паўднёвай Карэі такіх было толькі 40%. Таксама ў Паўднёвай Карэі і Паўднёвай Афрыцы было 9,8% і 7% дзяцей, якія паставілі нізкую альбо мінімальную адзнаку.

Злева: сярэдні бал агульнай задаволенасці жыццём сярод 12-гадовых па краінах. Справа: адсотак незадаволеных дзяцей. Выява з дакладу на сайце isciweb.org

Злева: сярэдні бал агульнай задаволенасці жыццём сярод 12-гадовых па краінах. Справа: адсотак незадаволеных дзяцей. Выява з дакладу на сайце isciweb.org

Толькі дзеці з еўрапейскіх краін паказалі рост незадаволенасці жыццём і сваёй будучыняй. Іншая асаблівасць Еўропы — каля 10% дзяцей жывуць у разведзеных сем’ях.

У хуткім часе навукоўцы прадставяць другую частку дакладу, прысвечаную васьмігадовым дзецям. Навукоўцы спадзяюцца, што даклад дапаможа розным краінам свету палепшыць сваю палітыку адносна дзяцей.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?