Як паведаміў, прадстаўляючы дакумент, старшыня парламенцкай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Уладзімір Васіленка, падставай для праходжання альтэрнатыўнай службы будуць з'яўляцца рэлігійныя перакананні.

На альтэрнатыўную службу могуць накіроўвацца грамадзяне мужчынскага полу ва ўзросце ад 18 да 27 гадоў, якія падлягаюць прызыву на тэрміновую ваенную службу і службу ў рэзерве, прыгодныя па стане здароўя і фізічным развіцці да праходжання вайсковай службы, якія асабіста напісалі заяву аб тым, што прыняцце вайсковай прысягі і нашэнне зброі супярэчыць іх рэлігійным перакананням. 

Грамадзяне, якія праходзяць альтэрнатыўную службу, павінны будуць прыцягвацца да грамадска карыснай дзейнасці ў арганізацыях аховы здароўя, сацыяльнай сферы, жыллёва-камунальнай, сельскай і лясной гаспадаркі, арганізацыях, якія займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый, будаўніцтвам і рамонтам дарог і чыгуначных пуцей, а таксама ў органах і падраздзяленнях па надзвычайных сітуацыях. 

Тэрмін праходжання альтэрнатыўнай службы для грамадзян, якія не маюць вышэйшай адукацыі, складзе 36 месяцаў, якія маюць вышэйшую адукацыю — 24 месяцы. 

Для звычайных ваеннаслужачых гэтыя тэрміны складаюць 12 і 18 месяцаў адпаведна, а для тых, хто на момант прызыву прайшоў навучанне на ваенных кафедрах або факультэтах па праграмах падрыхтоўкі малодшых камандзіраў, — 6 месяцаў.

Згодна з новым законапраектам, у перыяд праходжання альтэрнатыўнай службы грамадзянам будзе выплачвацца штомесячнае грашовае ўтрыманне, устаноўленае ў памеры 150% ад найбольшай велічыні бюджэту пражытачнага мінімуму (БПМ) у сярэднім на душу насельніцтва (цяпер ён складае 1 млн. 474 тыс. 870 рублёў). Пачынаючы з 13-га месяца альтэрнатыўнай службы памер грашовага ўтрымання будзе павышацца на 20% БПМ, пачынаючы з 25-га месяца — на 40%. 

На сённяшнім пасяджэнні дэпутаты ніжняй палаты таксама прынялі ў другім чытанні папраўкі ў некаторыя законы па пытаннях альтэрнатыўнай службы. 

Прадугледжаныя гэтым дакументам дапаўненні ў Крымінальны кодэкс накіраваныя на карэкціроўку яго палажэнняў у частцы ўстанаўлення адказнасці за ўхіленне ад праходжання альтэрнатыўнай службы і невыкананне тэрмінаў яўкі ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне. 

Акрамя таго, у законе «Аб занятасці насельніцтва Рэспублікі Беларусь» прапаноўваецца замацаваць гарантыю давання першага працоўнага месца грамадзянам, звольненым з альтэрнатыўнай службы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?