Акуляры віртуальнай рэальнасці кшталту Oculus Rift набываюць усё большую папулярнасць праз эфект прысутнасці. У такіх акулярах гульня ў футбольны сімулятар можа стаць нашмат больш рэалістычнай. Аднак што будзе, калі раздаць акуляры віртуальнай рэальнасці гульцам на полі?

Нарвежскае тэлешоў Golden Goal («Залаты гол») правяло жартаўлівы матч, у якім усе ўдзельнікі надзелі акуляры віртуальнай рэальнасці. Складанасць заключалася ў тым, што ўсе гульцы бачылі сябе толькі праз камеру над полем і ім давялося гуляць з відам «ад трэцяй асобы».

На відэазапісе матча відаць, што гульцам было цяжка даць рады сваім рухам і зразумець уласную арыентацыю ў прасторы. У цэлым гульня нагадвала перасоўванне людзей у цёмным пакоі: футбалісты павольна хадзілі па полі з выстаўленымі ўперад рукамі, не траплялі па мячы, а брамнікі проста загаддзя клаліся ўпоперак, каб адбіць мяч.

Golden Goal не ўпершыню ставіць такія эксперыменты над футболам. Так, стваральнікі тэлешоў білі футбалістаў электрашокам, надзявалі на іх надзімныя шары, ладзілі футбольныя матчы на схіле ці запрашалі на гульню адразу тры каманды.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?