Міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч у сераду ў Палаце прадстаўнікоў пракаментаваў журналістам сваё з'яўленне 9 мая на парадзе Перамогі ў Мінску ў дзіўным абмундзіраванні.
Ён стаяў каля Аляксандра Лукашэнкі ў форме камісара рабоча-сялянскай міліцыі НКВД СССР узору 1943 года (у цёмна-сіняй гімнасцёрцы з жорсткім каўнерыкам, партупеі, галіфэ з бірузовымі лампасамі, запраўленымі ў боты, і сіняй фуражцы з бірузовым аколышам).
Ігар Шуневіч сказаў, што не хацеў бы дадаткова тлумачыць «відавочнае». Але адзначыў:
«У гэтай форме мае папярэднікі, супрацоўнікі органаў унутраных спраў абаранялі Радзіму, паміралі, гінулі, здзяйснялі подзвігі. Гэта даніна павагі да іх, не больш».
Сёння міністр унутраных спраў прадстаўляў у палаце прадстаўнікоў законапраект аб амністыі. Ён быў прыняты ў двух чытаннях.





