Дэпутаты палаты прадстаўнікоў на пасяджэнні 13 мая прынялі адразу ў двух чытаннях законапраект «Аб амністыі ў сувязі з 70-годдзем Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гадоў».

Як адзначыў міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, у Беларусі традыцыйна выконваецца прынцып гуманізму ў дачыненні да асуджаных. «У краіне да асуджаных прымяняюцца не толькі каральныя меры, але і даецца магчымасць вызваліцца датэрмінова», — сказаў ён. 

Традыцыйна законапраект прадугледжвае вызваленне ад пакарання так званай льготнай катэгорыі асоб — непаўналетніх, цяжарных, жанчын і адзінокіх мужчын, якія маюць дзяцей да 18 гадоў, асоб пенсійнага ўзросту і гэтак далей. 

Прадугледжваецца вызваленне ад пакарання ў выглядзе абмежавання волі і пазбаўлення волі асоб, асуджаных за ўчыненне злачынстваў, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі; асоб, асуджаных за злачынствы, якія адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх, калі яны на дзень уваходжання ў сілу закона адбылі не менш за адну чвэрць прызначанага тэрміну пакарання. 

Амністыя не будзе распаўсюджвацца на асоб, да якіх на працягу 2009—2015 гадоў прымянялася амністыя або памілаванне і якія зноў учынілі злачынства; якія поўнасцю не кампенсавалі прычынены злачынствамі ўрон; на асуджаных за злачынствы супраць міру і бяспекі чалавецтва, бандытызм, тэрарызм, фінансаванне і садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці і шэраг іншых. 

Шуневіч паведаміў, што амністыя закране каля 8.600 асуджаных. У прыватнасці, прыкладна 2.200 тысяч чалавек могуць быць вызваленыя з месцаў пазбаўлення волі, 755 — з устаноў адкрытага тыпу, 5.685 — з крымінальна-выканаўчых інспекцый. 

Пры гэтым ён адзначыў, што прымяненне амністыі ў мінулыя гады істотна не паўплывала на крымінагенную сітуацыю ў краіне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?