Абвінавачаны ў карупцыі супрацоўнік Белкаапсаюза Дзмітрый Калодзезны (злева), побач з ім — Аляксандр Дранькоў, якога падазраюць у перадачы адкатаў. За імі — абвінавачаная намесніца Калодзезнага Элеанора Сізук з адвакатам. Фота Сяргея Гудзіліна.

Абвінавачаны ў карупцыі супрацоўнік Белкаапсаюза Дзмітрый Калодзезны (злева), побач з ім — Аляксандр Дранькоў, якога падазраюць у перадачы адкатаў. За імі — абвінавачаная намесніца Калодзезнага Элеанора Сізук з адвакатам. Фота Сяргея Гудзіліна.

У Вярхоўным судзе працягваецца працэс па справе Белкаапсаюза. Яго былое кіраўніцтва вінавацяць у карупцыі: за хабар вызначалі забудоўшчыкаў пад белкаапсаюзаўскія аб'екты. Іншыя фігуранты справы (дырэктары будаўнічых фірм), па версіі следства, гэтыя хабары перадавалі.

Падчас суда выявілася схема, па якой прыватных забудоўшчыкаў схілялі да хабару. Існавалі людзі, якія спачатку дамаўляліся з бізнэсоўцам, а затым з кіраўніцтвам спажывецкіх саюзаў — свайго роду «чорныя лабісты». У выніку адны атрымлівалі грошы ў канвертах, другія — замовы.

Адным з такіх бізнэсоўцаў з’яўляецца былы дырэктар фірмы «СанатаБуд» Аляксандр Дранькоў. Яго вінавацяць у дачы хабару. За гэтыя грошы яго фірма павінна была атрымаць перамогу ў тэндары Белкаапсаюза.

Аляксандр Дранькоў нарадзіўся ў 1948 у Магілёўскай вобласці. Мае вышэйшую адукацыю. Удавец у другім шлюбе. Цяпер не працуе. Ад першага шлюбу мае дваіх сыноў і дачку.

У 2014 яго асудзілі на 3 гады з адтэрміноўкай на 2 гады за саўдзел у злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. Справа тычылася супрацоўніка УКБ Віцебскага аблвыканкама, а эпізод адносіўся да 2008.

Патрэбны «адкат»

Гісторыя з Белкаапсаюзам пачалася пяць гадоў таму. «У пачатку 2010 я фармальна прыняў на працу Галавача Анатоля. Ніхто яго не афармляў, заробак я плаціў з уласных грошай. Ён з’яўляўся маім памочнікам-кіроўцам. Зімой 2010, хутчэй у лютым, ён сказаў, што мае знаёмых, якія могуць аказаць дапамогу ў атрыманні працы на будаўніцтве ў сістэме Белкаапсаюза. Але гэтым асобам трэ' будзе перадаць да 20 працэнтаў ад агульнай сумы, пераказанай на рахунак», — заяўляў Дранькоў. Бізнэсовец палічыў суму «адкату» нерэальнай, але яму патрэбны былі замовы. Таму пагадзіўся сустрэцца са знаёмымі свайго памочніка.

Андрэй Турчанка (злева) і Сяргей Сідзько. Фота Сяргея Гудзіліна.

Андрэй Турчанка (злева) і Сяргей Сідзько. Фота Сяргея Гудзіліна.

Сустрэча адбылася з Уладзімірам Ленскім і Андрэем Турчанкам. Апошнія заявілі, што маюць сувязі ў кіраўніцтве Белкаапсаюза. Але за станоўчае вырашэнне пытання трэба перадаць грошы «наверх». Паразумеліся.

А як фірма Дранькова перамагла ў тэндары па будаўніцтве ў Горках крамы з кавярняй і атрымала аванс, Ленскі з Турчанкам папрасілі яго выканаць дамоўленасць. Той жа вырашыў саскочыць і не плаціць.

«Праз некаторы час Ленскі і Турчанка пачалі мне заяўляць, што фінансаванне ў Горках можа спыніцца, а аб’ект перададуць іншай будаўнічай кампаніі. Што ў мяне ўзнікнуць праблемы са здароўем, аказвалі на мяне маральны ціск: дзяжурылі па начах каля майго дома». І таму летам 2010 ён перадаў ім 15 тысяч даляраў. Так Дранькоў заяўляе падчас допытаў на следстве.

«Трапіў пад прэс…»

Цяпер, на судзе, Аляксандр Дранькоў паказанні змяніў і віну сваю не прызнае. Ранейшыя словы патлумачыў проста: сказаў тое, што ад мяне чакалі. Бо хацеў выйсці хутчэй з ізалятара. У Дранькова ў той момант была хворая жонка — анкалогія. І ён хацеў вызваліцца, каб яе даглядаць. Тады напісаў «яўку з павіннай»: «Гэта быў мой апошні варыянт, каб вырашыць пытанне з выхадам з СІЗА». Пакуль вялося расследаванне ён аўдавеў.

«Грошы ў мяне вымагалі», — цяпер кажа Дранькоў. І дадае, што калі б ён заплаціў хабар, вымагальніцтва не было б. Маўляў, гэты факт сведчыць пра яго невінаватасць.

Як вырашылася пытанне вымагальніцтвам?

«Грошы я не перадаў. У міліцыю не звяртаўся. Проста спыніў з імі [Турчанкам, Ленскім] кантакты: не стаў адказваць на іх званкі. А што яны маглі мне зрабіць? Яны не мае падначаленыя, яны не мелі ніякага права на тое, што рабілі… І яны перасталі мяне даставаць», — ужо на судзе сказаў Дранькоў.

У наступным тэндары «СанатаБуд» прайграла.

«Усё — хлусня!»

«Усе пагрозы зводзіліся да таго, што я сказаў Турчанку (паколькі аб’ект не будаваўся — Дранькоў быў у запоі): «Ідзі яго шукай». Грошы дзяржаўныя атрыманыя, а праца не ідзе. Вось усе вымагальніцтвы, якія былі, — аспрэчыў паказанні Ленскі. — Мне пастаянна гаварылі Сяргей Дзмітрыевіч [Сідзько] і Калодзезны: «Чаму аб’ект не будуецца? Ты яго заваліў». Мне было сорамна, спрабаваў выраўняць сітуацыю, каб аб’ект будаваўся». І сцвярджае, што атрымаў ад Дранькова 15 тысяч даляраў.

«Гэта хлусня ад пачатку да канца практычна, — заявіў і Турчанка. — Вымагальніцтва не было і быць не магло. Была дамоўленасць пра 10% — сума «адкату». Як я ўжо зразумеў, Дранькоў проста дадаў сюды свае 5% і яшчэ 5% Галавач [у выніку Дранькоў заявіў пра 20%, якія нібыта патрабавалі]. І стаў прапаноўваць ужо як 20% Рыбаку [дырэктар іншай фірмы, якую Дранькоў запрашаў удзельнічаць у тэндары на працу з Белкаапсаюзам; Рыбака папярэджваў, што патрэбны «адкат», калі ён вырашыць працаваць]. Для мяне гэта відавочна».

Ленскі і Турчанка сваю віну прызналі яшчэ ў пачатку працэсу.

Па справе Белкаапсаюза ў якасці абвінавачаных яшчэ праходзяць былы кіраўнік Белкаапсаюза Сяргей Сідзько, экс-начальніка ўпраўлення капітальнага будаўніцтва Белкаапсаюза Дзмітрый Калодзезны і яго намесніца Элеанора Сізук. Сізук віну прызнала. Калодзезны заявіў, што грошы атрымліваў, але нікому не спрыяў (на судзе агучваліся і дзясяткі іншых эпізодаў з іншымі будфірмамі). Сідзько ж сваёй віны не прызнае.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?