Упраўленне Следчага камітэта па Брэсцкай вобласці высвятляе акалічнасці ДТЗ у Брэсце, у якім пацярпелі тры пешаходы.
Як паведаміла афіцыйная прадстаўніца Следчага камітэта Марына Дранькова, 12 мая прыблізна ў 8.20 на вуліцы Маскоўскай насупраць парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў на рэгуляваным пешаходным пераходзе аўтамабіль «Шэўрале» ўчыніў наезд на траіх пешаходаў. Яны пераходзілі праезную частку на зялёны сігнал святлафора. Гэта здарылася, бо ў «Шэўрале» на вялікай хуткасці ўрэзаўся «Фіят», які ехаў за ім.
У выніку ДТЗ пешаходы (усе — жыхары Брэста) з рознымі цялеснымі пашкоджаннямі дастаўлены ва ўстанову аховы здароўя. Гэта 54-гадовы мужчына і дзве жанчыны — 44 і 36 гадоў. Малодшая знаходзіцца ў рэанімацыі з адкрытай чэрапна-мазгавой траўмай. У старэйшай жанчыны пашкоджанне галенастопа, у мужчыны — каленнага сустава.
Праведзены агляд кіроўцаў паказаў, што яны былі цвярозыя. «Шэўрале» кіраваў 39-гадовы грамадзянін Расіі, жыхар каўказскага горада Нальчык, «Фіятам» — 40-гадовы берасцеец.
Па факце дарожна-транспартнага здарэння УСК па Брэсцкай вобласці распачата справа на падставе ч. 2 арт. 317 КК (парушэнне правілаў дарожнага руху, якое мела вынікам па неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання).





