Ядлічка па дарозе ў Харватыю. Фота са старонкі Ліберлэнда на Facebook

Ядлічка па дарозе ў Харватыю. Фота са старонкі Ліберлэнда на Facebook

Улады Харватыі затрымалі 9 мая грамадзяніна Чэхіі Віта Ядлічку за парушэнне мяжы, паведамляе Daily Caller са спасылкай на афіцыйны сайт Ліберлэнда — дзяржавы, абвешчанай Ядлічкам 13 красавіка.

За спробу нелегальнага перасячэння мяжы па-за прапускнымі пунктамі прэзідэнт атрымаў штраф у 2400 харвацкіх кун (каля 358 даляраў). Ядлічка сцвярджае, што вяртаўся ў сваю дзяржаву Ліберлэнд.

«Прэзідэнт» распавядае, што некалькі гадзін спрабаваў патлумачыць памежнікам існаванне сваёй дзяржавы на «нічыйнай» тэрыторыі. Паводле яго слоў, памежнікі звярнулі ўвагу на «актыўную эміграцыю» з Харватыі ў Ліберлэнд.

Ён сцвярджае, што падчас размовы з суддзёй высветлілася, што дзеці апошняга ўжо спрабавалі трапіць у Ліберлэнд, але іх спыніла паліцыя.

«Гэта была яшчэ адна добразычлівая сустрэча, па якой мы многа смяяліся, — апісвае Ядлічка сваё затрыманне. — Таксама ён (суддзя — НН) сказаў, што любога добрага прэзідэнта калі-небудзь арыштоўвалі. У Чэшскай Рэспубліцы гэта амаль непазбежна, калі людзі з Чэхіі арыштоўваюцца перад тым, як стаць прэзідэнтамі».

Па выпісцы штрафу паліцыя адпусціла Ядлічку, цяпер ён бавіць час з першай лэдзі Ліберлэнда ды чакае на гэтым тыдні каля 140 новых грамадзян сваёй краіны.

***

Ліберлэнд быў абвешчаны «незалежнай дзяржавай» на тэрыторыі каля 7 км² між Харватыяй і Сербіяй на заходнім беразе Дуная (мае сухапутную мяжу толькі з Харватыяй). Ніводная дзяржава свету сёння не прызнае яго незалежнасць. Па заявах Ядлічкі, ніводная дзяржава не заяўляла сваіх правоў на гэтую тэрыторыю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?