Як вынікае з пастановы Савета міністраў № 391 ад 8 мая 2015 года, цяпер дзяржаўныя органы змогуць рэгістраваць даменныя імёны ў зонах «.бел», «.gov.by» або «.mil.by», дзяржаўныя арганізацыі — у зонах «.бел» і (або) «.by». У папярэдняй рэдакцыі палажэння зоны «.бел» не было.
Пастанова Савета міністраў № 391 ад 8 мая 2015 года апублікавана 12 мая на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале і набыла моц.
Нагадаем, рэгістрацыя даменаў у кірылічнай зоне «.бел» стартавала ў Беларусі з пачатку сакавіка. Гэта прадугледжана загадам Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры прэзідэнце ад 26 лютага 2015 года № 16 «Аб некаторых пытаннях рэгістрацыі даменных імёнаў».
Пры гэтым устаноўлена, што прыярытэтная рэгістрацыя даменных імёнаў у зоне «.бел» ажыццяўляецца з 1 сакавіка да 1 кастрычніка 2015 года.
У межах першага этапу (да 31 мая) рэгістратар ажыццяўляе прыём заявак на прыярытэтную рэгістрацыю даменных імёнаў у зоне «.бел» ад праваўладальнікаў фірменных найменняў, таварных знакаў (знакаў абслугоўвання), геаграфічных указанняў, а таксама дзяржаўных органаў і арганізацый.
У межах другога этапу ажыццяўляецца прыярытэтная рэгістрацыя па заяўках, прынятых у межах першага этапу, пры ўмове ўрэгулявання спрэчак, што ўзнікаюць паміж зацікаўленымі асобамі і (або) дзяржаўнымі органамі і арганізацыямі, а таксама фарміруюцца спісы даменных імёнаў для прыярытэтнай рэгістрацыі па выніках дабрачынных аўкцыёнаў і пачынаецца правядзенне дабрачынных аўкцыёнаў на права прыярытэтнай рэгістрацыі.
Права на прыярытэтную рэгістрацыю даецца ўладальнікам сродкаў індывідуалізацыі ўдзельнікаў грамадзянскага абароту, тавараў, работ або паслуг, зарэгістраваных на тэрыторыі Беларусі, а таксама ўладальнікам таварных знакаў (знакаў абслугоўвання), якія маюць міжнародную рэгістрацыю, што распаўсюджваецца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, або прызнаных на яе тэрыторыі агульнавядомымі.
Дзяржорганы маюць права ў якасці даменнага імені ў зоне «.бел» выбіраць агульнапрынятае скарочанае найменне, а мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы таксама могуць выбіраць дамены з улікам геаграфічнага размяшчэння.
Пасля заканчэння двух этапаў прыярытэтнай рэгістрацыі ўсе даменныя імёны ў зоне «.бел», якія не былі задзейнічаны на этапах прыярытэтнай рэгістрацыі, а таксама тыя даменныя імёны, на якія не было атрымана ніводнай стаўкі па выніках дабрачыннага аўкцыёну, выстаўляюцца для свабоднай рэгістрацыі.