У Мінску вольнымі ад тытунёвага дыму з'яўляюцца 22 тэрыторыі. Пра гэта паведаміла сёння журналістам загадчыцца рэдакцыйна-выдавецкага аддзела гарадскога цэнтра здароўя Аляксандра Лагун.

«З кожным годам павялічваецца колькасць тэрыторый, свабодных ад тытунёвага дыму. Гэта вельмі важна і значна. Калі раней мы пісалі спачатку аб 14, потым аб 15, 16 такіх тэрыторыях, то на сённяшні дзень рашэннямі раённых адміністрацый у нас у горадзе 22 тэрыторыі, свабодныя ад тытуню. Акрамя таго многія кіраўнікі прадпрыемстваў, цудоўна разумеючы, наколькі негатыўна ўплывае курэнне тытуню на здароўе іх служачых, таксама ўводзяць забарону або абмежаванне на курэнне ў рабочы час на тэрыторыях сваіх прадпрыемстваў», — сказала Аляксандра Лагун.

Напрыклад, у Заводскім раёне зонай, свабоднай ад курэння, з'яўляецца Мінскі заапарк, тэрыторыя плошчы перад універмагам «Беларусь», а таксама Парк культуры і адпачынку імя 900-годдзя Мінска. У Ленінскім раёне свабоднымі ад курэння аб'яўлены тэрыторыі Лошыцкага сядзібна-паркавага комплексу і Аляксандраўскі сквер. Рашэннем адміністрацыі Маскоўскага раёна ўведзена забарона на курэнне на плошчы Незалежнасці з прылеглымі да яе тэрыторыямі. У Партызанскім раёне такой зонай аб'яўлены Цэнтральны дзіцячы пар імя Горкага, а ў Фрунзенскім раёне — парк імя 60-годдзя Кастрычніка, парк «Мядзведжына». Зонамі, свабоднымі ад курэння, у Кастрычніцкім раёне аб'яўлены гасцініца «Спадарожнік», тэрыторыя парка Курасоўшчына, гарналыжны цэнтр «Сонечная даліна» і інш.

Акрамя таго, знакі аб забароне курэння размешчаны на 1 836 прыпыначных пунктах камунальнага транспарту. Таксама прыняты меры ў адносінах да кафэ і рэстаранаў. У сферы грамадскага харчавання функцыянуе 2 200 аб'ектаў, сярод якіх у 250 курэнне поўнасцю забаронена, у 180 ёсць асобныя залы для курцоў і некурцоў, а ў астатніх прадугледжаны спецыяльна адведзеныя месцы для курэння (холы).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?