Хатні павук-сенакасец. Фота: dic.academic.ru
Італьянскія навукоўцы нанеслі на павукоў водную завісь графена і вугляродных нанатрубак. Па выніках эксперыментаў, з якімі можна азнаёміцца на arxiv.org, павукі сплялі адзін з самых трывалых матэрыялаў у свеце.
У некалькіх павукоў, якія нармальна перажылі эксперыменты, павуцінне мела рэкордную трываласць, у дзясяткі раз большую за кеўларавыя ніці і ў 3,5 разы больш за самае трывалае «натуральнае» павуцінне.
З 15 паддоследных павукоў эксперымент не перажылі чатыры, толькі тры паказалі заўважнае паляпшэнне паказнікаў.Як паказаў аналіз, нанатрубкі і графен не выпадкова патрапілі ў павуцінне, а былі раўназначна размеркаваныя па ўсёй даўжыні валакна.
Настолькі трывалы матэрыял можа выкарыстоўвацца як на Зямлі, так і ў космасе. Але яго масавую вытворчасць наўрад ці атрымаецца наладзіць.
Ранейшыя спробы прамысловага развядзення павукоў сутыкнуліся з нежаданнем павукоў плесці павуцінне на «чужой» тэрыторыі, а таксама паляваннем адных павукоў на іншых пры іх вялікай канцэнтрацыі ў адным месцы.





