Як мінімум 14 службоўцаў элітнай Кантэміраўскай дывізіі расійскай арміі пакінулі службу, каб больш не ваяваць супраць Украіны, паведаміў адзін з былых жаўнераў інфармацыйнаму агенцтву Reuters.

Колькасць доказаў удзелу расійскіх вайскоўцаў у вайне супраць Украіны зашкальвае, на палях баёў рэгулярна знаходзіцца ўзбраенне расійскай вытворчасці, салдаты траплялі ва ўкраінскі палон, украінскія палонныя таксама сведчылі, што былі ўзятыя ў палон байцамі расійскай арміі.

Карэспандэнтка маскоўскай рэдакцыі Reuters Марыя Цвяткова, якая амаль год правяла на Данбасе і ў суседніх раёнах Расіі, сабрала сведчанні расійскіх жаўнераў, іхных сваякоў, а таксама каментары праваабаронцаў і расійскіх афіцэраў, каб зрабіць спецыяльны рэпартаж на тэму нелегальнага ўдзела расейскай арміі ў вайне супраць Украіны. 

Усяго журналістка звязалася з 5 былымі вайскоўцамі, якія нядаўна звольніліся са службы, але просяць не называць іхных імёнаў, каб пазбегнуць непрыемнасцяў.

Адзін з салдатаў жыве ў Маскве, ён распавёў, што летам мінулага году быў накіраваны ў Растоўскую вобласць РФ на вучэнні, аднак замест гэтага апынуўся ў складзе калоны бранятэхнікі ва Украіне на танке.

«Нейкі падпалкоўнік ужо пасля перасячэння мяжы распавёў, што могуць пасадзіць за невыкананне загаду. Некаторыя сталі адмаўляцца там далей знаходзіцца», — кажа былы вайсковец з Кантэміраўскай дывізіі.

Расійскія палонныя, якіх захапілі ў канцы жніўня 2014 году ў раёне Ілавайска.

Ён бачыў, як жаўнеры адмаўляліся ваяваць.

«Пры мне такіх было двое. Іх кудысьці забралі. Падпалкоўнік казаў, што на іх завялі крымінальную справу, а на самой справе мы ім потым тэлефанавалі, яны дома былі, проста звольніліся», — дадае ён.

Былы танкіст з Масквы кажа, што не паехаў б ва Украіну па ўласным жаданні.

«Ды не, навошта? Гэта не наша вайна. Каб там войскі былі афіцыйна, то так, гэта была б іншая справа». Па ягоных словах, ён быў ва Украіне ў канцы жніўня 2014 года ў складзе экіпажа танка Т-72Б3.

«[Пасля вяртання ў Расію] пашыхтавалі нас, сказалі — усім камандзіровачныя, баявыя, медалі», — кажа былы жаўнер. Аднак ніхто нічога не атрымаў.

«Вырашылі звольніцца. Нас было 14 чалавек», — заключае ён.

Імёны 9 жаўнераў, якія пакінулі Кантэміраўскую дывізію, згадваліся ў ліставанні начальніка аддзела кадраў Заходняй вайсковай акругі РФ Віктара Міскаўца з сакратаром Саюза камітэтаў салдацкіх маці Валянцінай Мельнікавай. Яны былі звольненыя, згодна з адказам Міскаўца, 12 снежня 2014 года.

Трое жаўнераў з гэтага спісу, з якімі звязаўся Reuters, пацвердзілі, што нядаўна звольніліся з арміі, аднак адмовіліся размаўляць пра падзеі ва Украіне. Прадстаўнік Мінабароны РФ адмовіўся камэнтаваць адпраўку ў Украіну і звальненні вайскоўцаў-кантэміраўцаў.

Іншаму жаўнеру, які сышоў са службы з-за Украіны, 21 год, і ён камандваў разлікам рэактыўнай сістэмы залпавага агня «Град». Вайсковец прасіў не раскрываць ягонае імя і назву ваеннай часткі.

Летам 2014 года ягоная машына была ў Растоўскай вобласці прыкладна за 2 км ад мяжы з Украінай, распавёў ён.

«Ехалі без апазнавальных знакаў. Знялі ўсе кукарды, пятліцы, шаўроны. Усё гэта прынялі. [Нам] сказалі, што ў палявых умовах усе ходзяць без гэтага», — кажа былы жаўнер.

У пачатку верасня баявы разлік атрымаў загад адкрыць агонь па цэлі ў 17 км, верагодна, ва Украіне.

«Я спадзяваўся, што гэта не па жывых людзях было. Ці што я ў крайнім выпадку прамахнуўся».

Ад сваіх саслужбоўцаў ён даведаўся, што іншая батарэя з ягонай часткі перайшла мяжу і была на ўкраінскай тэрыторыі 10 дзён.

У канцы студзеня 2015 году яго тэрмінова выклікалі з адпачынку, каб зноў ехаць у Растоўскую обласць. «Сказалі, што там будуць маштабныя вучэнні з вельмі вялікай групоўкай войскаў», - распавёў ён, аднак не было сумніву, што гэта звязана з вайной супраць Украіны.

Прыкладна тады пачаўся доўгі і крывавы для абодвух бакоў наступ прарасійскіх баевікоў пад Дэбальцава.

Вайсковец і яшчэ чатыры жаўнеры вырашылі, што лепей звольніцца з арміі, чым паехаць ваяваць ва Украіну. Дакуманты ваеннай пракуратуры сведчаць, што працэдуру звальнення яны скончылі ў сакавіку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?