Старшыня Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпін наведае Беларусь 10—12 мая з дзяржаўным візітам — першым за апошнія 14 гадоў.

У Мінск кітайскі кіраўнік прыбудзе з Масквы, дзе ён прысутнічаў на ўрачыстасцях з нагоды 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. У расійскай сталіцы Сі Цзіньпін ужо сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам, які 7—8 мая наведаў Маскву для ўдзелу ў нефармальным саміце СНД і пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета. 

Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага прэзідэнта, сустрэча старшыні КНР з Аляксандрам Лукашэнкам ў межах візіту ў Беларусь адбудзецца сёння ў Палацы Незалежнасці. 11 мая ў мінскай гасцініцы «Пекін» з удзелам Сі Цзіньпіна адкрыецца беларуска-кітайскі эканамічны форум. У той жа дзень кіраўнік КНР наведае Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, а 12 мая адправіцца ў Смалявіцкі раён Мінскай вобласці, дзе вядзецца будаўніцтва кітайска-беларускага індустрыяльнага парку «Вялікі камень». 

Падчас візіту плануецца падпісаць дагавор аб дружбе і супрацоўніцтве Беларусі з КНР, дэкларацыю аб далейшым развіцці і паглыбленні двухбаковых адносін стратэгічнага партнёрства, а таксама некаторыя пагадненні аб супрацоўніцтве ў гандлёва-эканамічнай, мытнай, адукацыйнай і культурнай сферах. 

У Мінску падкрэсліваюць важнасць візіту кітайскага лідара. «Мы да гэтага візіту вельмі сур'ёзна рыхтуемся, — заявіў у канцы сакавіка Аляксандр Лукашэнка. — Гэта краіна, якая шукае сёння партнёраў, у якой мора грошай. Калі мы станем, як цяпер, з імі партнёрамі і будзем развіваць гэта супрацоўніцтва ва ўсіх кірунках, мы можам атрымаць і крэдыты, і замовы. Для нас галоўнае — замовы». 

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?