Краіны Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС) прынялі рашэнне аб далучэнні да інтэграцыйнага аб'яднання Кыргызстана.

Створаны ў студзені 2015 саюз аб'ядноўвае Расію, Беларусь, Казахстан і Арменію.

«Усе пытанні, якія выклікалі сумневы, знятыя, і мы сёння прымаем дакумент аб паўнавартасным прыняцці кыргызскага боку ў наш саюз, з чым я вас віншую», — сказаў казахстанскі лідар Нурсултан Назарбаеў на пасяджэнні Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета ў пятніцу.

Дагавор аб далучэнні Кыргызстана быў падпісаны ў снежні 2014 года. Планавалася, што рэспубліка ўвойдзе ў інтэграцыйнае аб'яднанне 8 мая пасля завяршэння ратыфікацыі. Між тым бакам не ўдавалася дамовіцца па некаторых пытаннях. Як раней паведаміў журналістам памочнік расійскага прэзідэнта Юрый Ушакоў, Кыргызстан у сакавіку прапанаваў унесці змены ў дзеючыя пратаколы, «якія для ўдзельнікаў саюза не выглядаюць лагічнымі».

Прэзідэнт Кыргызстана Алмазбек Атамбаеў пацвердзіў падпісанне дакументаў аб далучэнні рэспублікі да ЕАЭС.

«Мы, вядома ж, падпішам усе гэтыя дакументы. Назад дарогі няма, як той казаў», — сказаў Атамбаеў ў ходзе пасяджэння Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?