«Нацыянальная эканоміка пагрузілася ў асяроддзе нізкага росту і для яе акрэслілася пагроза трапляння ў «вір беднасці», — лічаць эксперты Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC), высновы якіх прыводзяцца ў падрыхтаваным макраэканамічным аглядзе за 2014 год. 

На думку эканамістаў, крызіс на валютным рынку на мяжы 2014—2015 гадоў стаў «вынікам стратэгічных слабасцяў нацыянальнай эканомікі і празмернай прыхільнасці палітыцы таргетавання абменнага курсу».

Аўтары агляду лічаць 2014 год «чарговым згубленым годам для беларускай эканомікі». Пэўны пазітыў мінулага года «можна ўбачыць толькі ў тым, што эканамічныя ўлады дэ-факта прызналі непазбежнасць правядзення структурных рэформ і сталі заяўляць аб правядзенні падрыхтоўчага этапу да такіх рэформ». 

Разам з тым аўтары звяртаюць увагу, што беларускія ўлады выказваюць «няспешнасць у рэалізацыі мер структурнага рэфармавання» эканомікі. 

«Нефармальна чыноўнікі сталі класіфікаваць 2014—2015 гг. у якасці падрыхтоўчага перыяду для правядзення сістэмных структурных рэформ, анансуючы іх пачатак у 2016 годзе сінхронна з новым выбарчым цыклам», — гаворыцца ў макраэканамічным аглядзе BEROC. 

Нагадаем, у апошнія гады ў Беларусі назіраліся нізкія тэмпы росту ВУП (у 2012-м — 1,7%, у 2013-м — 1%, у 2014-м — 1,6%), і на гэтым фоне міжнародныя фінансавыя арганізацыі сталі рэкамендаваць беларускім уладам правесці структурныя рэформы з мэтай павышэння эканамічнага патэнцыялу краіны. На думку міжнародных экспертаў, адсутнасць рэформ будзе прыводзіць да стагнацыі даходаў насельніцтва. 

У канцы красавіка 2015 года кіраўнік прадстаўніцтва Сусветнага банка Ян Чул Кім, адказваючы на прэс-канферэнцыі на пытанні БелаПАН, заявіў, што банк дапамагае ўраду Беларусі падрыхтаваць «дарожную карту» па структурным рэфармаванні эканомікі. 

Папярэдні варыянт «дарожнай карты» разглядаўся ў сярэдзіне красавіка на вясновай сесіі Міжнароднага валютнага фонду і Сусветнага банка ў Вашынгтоне. Нагадаем, вясной 2015 года беларускія ўлады выказалі зацікаўленасць у заключэнні новай крэдытнай праграмы з МВФ. Прадстаўнікі МВФ, у сваю чаргу, заявілі, што новая праграма магчымая ў выпадку гатоўнасці беларускіх уладаў пайсці на глыбокія структурныя рэформы ў эканоміцы.

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?