У красавіку 2015 года спажывецкія цэны на тавары і паслугі ў Беларусі выраслі ў параўнанні з сакавіком на 0,9%, са снежнем 2014 года — на 5,9%, паведамляе прэс-служба Нацыянальнага статыстычнага камітэта. 

Цэны на харчовыя тавары за месяц выраслі на 0,7%. Найбольш істотна падаражэлі: агародніна — на 8,3%, бульба — на 3,4%, чай — на 2,7%, макаронныя вырабы — на 1,8%, рыба і морапрадукты — на 1,3%. 

Знізіліся цэны на мяса і птушку — на 1,1%, масла і фрукты — на 0,6%, яйкі — на 0,2%. 

Цэны на нехарчовыя тавары ў красавіку ў параўнанні з сакавіком павялічыліся на 0,8%. Больш за ўсё ў красавіку падаражэлі медыкаменты — на 3,2%, веласіпеды і матацыклы — на 2,6%, пісьмовыя прылады — на 1,8%, посуд, прыборы сталовыя — на 1,7%, парфумерна-касметычныя тавары — на 1,2%. 

Знізіліся цэны на дываны і дывановыя вырабы — на 1,1%, на гадзіннікі — на 0,9%, на мэблю — на 0,2%.

Цэны і тарыфы на платныя паслугі за месяц павысіліся на 1,6%. Больш за іншыя падаражэлі жыллёва-камунальныя паслугі — на 2,1%, у тым ліку электразабеспячэння — на 1,2%, газазабеспячэння — на 1%, водазабеспячэння — на 3,2%, тэхабслугоўвання жылых памяшканняў — на 2,9%, ацяплення — на 1,2%. Акрамя таго, падаражэлі паслугі культуры — на 1,5%, у тым ліку кінатэатраў і відэасалонаў — на 1,8%, тэатраў — на 2%, канцэртных арганізацый — на 0,4%. Санаторна-аздараўленчыя паслугі падаражэлі за красавік на 1,4%, медыцынскія — на 1%, сувязі — на 4,3%, бытавыя — на 1,5%.

Знізіліся тарыфы на паслугі пасажырскага транспарту — на 1,4%, у тым ліку паветранага — на 3,3%, міжнароднага чыгуначнага — на 4,2%. 

Нагадаем, асноўнымі кірункамі грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2015 год прырост цэн быў прадугледжаны на ўзроўні не больш чым 12%. Аднак у канцы студзеня мэтавы арыенцір інфляцыі ў 2015 годзе быў вызначаны Нацбанкам на ўзроўні 18% з дапушчальным адхіленнем у 2%. 

У 2014 годзе інфляцыя ў Беларусі значна перавысіла прагнозны параметр і склала 16,2%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?