Разумныя гадзіннікі Apple паступілі ў продаж на Захадзе, апараты пачынаюць акольнымі шляхамі дабірацца ў Беларусь. Адзін з першых уладальнікаў Apple Watch, праграміст Кірыл Кудзін, падзяліўся з «Нашай Нівай» уражаннямі ад гадзінніка.

Кірыл мае мадэль Apple Watch Sport у мадыфікацыі з вялікім (42 мм у дыяганалі) экранам. Такі гадзіннік каштуе 399 даляраў у ЗША, але яму ён абышоўся заўважна даражэй — апарат ляцеў да яго праз акіян.

Хаця рабочае месца Кірыла абстаўленае і абкладзенае тэхнікай Apple, ён купляў гадзіннік не проста «для камплекту».

«На самой справе, мне было ўсё роўна, якую канкрэтна мадэль абіраць, — тлумачыць ён. — Ну так, прыкольна было б Sport, прыкольна было б белы гадзіннік. Але як бы трэба было проста ўзяць гадзіннік у рукі. Зараз разбярэмся — і актуальнасць гадзіннікаў спадзе».

Інтэрфейс Apple Watch зусім не падобны да iPhone, але «дух Apple» адчуваецца

Інтэрфейс Apple Watch зусім не падобны да iPhone, але «дух Apple» адчуваецца

Кірыл — распрацоўшчык папулярнай мабільнай праграмы WiFi Map. Яна ёсць найвялікшай у свеце базай пароляў да грамадскіх WiFi-сетак, якую ствараюць і падтрымліваюць 11 млн чалавек. Сваю праграму ён адаптаваў і для Apple Watch.

Раней ён меў «амаль разумны» гадзіннік з класічным дызайнам, механічнымі стрэлкамі, але сэнсарным экранам. Ён адзначае, што Apple Watch лягчэйшы ды танчэйшы, камфортна адчуваецца на руцэ і выглядае дастаткова стылёва.

Хочаш — інфарматыўна, хочаш — проста весела

Хочаш — інфарматыўна, хочаш — проста весела

Сваю тытульную функцыю — паказваць час — гадзіннік выконвае спраўна. Дазваляе нават абраць сярод мноства выглядаў, ад лічбавага гадзінніка з падрабязнасцямі календара і надвор’я да аналагавага гадзінніка з Мікі Маўсам.

Праўда, выконвае нядоўга. Пры тым, што паўдня Кірыл актыўна карыстаўся гадзіннікам ды паказваў яго па просьбах сяброў, за 5 гадзін «з’елася» 20% батарэі.

Да вечара гадзіннік «дажывае» без падзарадкі, можа пратрымацца і долей. Але ўсё роўна Кірыл называе яго «настольным» — на некалькі дзён ад разеткі не ад’едзеш.

Хаця некаторыя першыя карыстальнікі Apple Watch казалі, што інтэрфейс гадзінніка прытарможвае, Кірыл такога не заўважыў. Але адзначае: ёсць затрымка з уключэннем экрана. Экран гадзінніка гарыць не заўсёды, каб ён уключыўся, трэба ўзмахнуць рукой так, як калі глядзіш на звычайны гадзіннік — менавіта ў гэты момант гадзіннік рэагуе, на яго думку, не надта хутка.

Каб экран запаліўся, на яго трэба паглядзець, падняўшы руку, альбо запусціць кнопкай. Звычайна экран адключаны для эканоміі зараду

Каб экран запаліўся, на яго трэба паглядзець, падняўшы руку, альбо запусціць кнопкай. Звычайна экран адключаны для эканоміі зараду

Найбольш Кірыл «гуляецца» з пульсамерам — напрыклад, ён заўважыў, што калі выходзіў з дому, меў нармальны пульс, але калі сеў у таксі, пульс з нейкай прычыны падвысіўся.

«Вельмі зручна, што паведамленні сюды прыходзяць, — кажа ён. — Тэлефон раней трэба было пастаянна браць, а тут адразу пад рукой. Не на ўсе паведамленні трэба адказваць, большасць з іх проста інфармацыйныя. Мы па працы ўсёй камандай перапісваемся, зручна заўсёды быць у курсе, разумець, што адбываецца».

Да таго ж, гадзіннік можа прымаць тэлефанаванні і дазваляе размаўляць па гучнай сувязі, не адрываючы руку з гадзіннікам ад звыклай справы. «Яшчэ ён прыкольна гудзе, калі паступае выклік», — смяецца Кірыл.

«Праграм хапае, але яны ўсе нейкія непаўнавартасныя, — кажа ён. — Магчыма, яшчэ не ўсе распрацоўшчыкі маюць на руках гадзіннікі, таму праграмы такія напаўнедаробленыя».

Праграмы на Apple Watch не самастойныя. Усе яны ўсталяваныя таксама на тэлефоне, там жа і выконваюцца. Гадзіннік выступае ў ролі дадатковага экрану, а таксама набору датчыкаў — пульсамер, крокамер і іншых. Без тэлефона гадзіннік зможа хіба паказваць час і мераць пульс.

Не сказаць, што Map, але прынамсі WiFi

Не сказаць, што Map, але прынамсі WiFi

Усе праграмы на Apple Watch маюць вельмі спрошчаны выгляд. WiFi Map — не выключэнне. Калі на тэлефоне карыстальнік бачыць падрабязную карту з даступнымі WiFi-сеткамі, то на гадзінніку паказваюцца толькі некалькі бліжэйшых WiFi-сетак ды паролі да іх.

Для зменлівага беларускага надвор’я пагадзінны прагноз — самае яно, адзначае Кірыл.

Для зменлівага беларускага надвор’я пагадзінны прагноз — самае яно, адзначае Кірыл.

Такім жа чынам працуюць астатнія праграмы, што дэманструе ўладальнік Apple Watch. Па змоўчванні плэер паказвае толькі назву песні ды кнопкі Play, далей і назад (хаця па націсканні дазваляе абраць кампазіцыі са спісу). Прагноз надвор’я паказвае толькі тэмпературу і піктаграму надвор’я (але па націсканні можа паказаць пагадзінны прагноз на дзень).

Цікавым чынам працуюць паведамленні. Apple Watch дазваляе не толькі чытаць SMS ці iMessage (а таксама іншыя мэсэнджары), але і адказваць — ці смайлікам, ці шаблоннай фразай, ці праз надыктоўку адказу і распазнаванне голасу.

Варыянтаў хуткіх адказаў хопіць на стандартныя выпадкі

Варыянтаў хуткіх адказаў хопіць на стандартныя выпадкі

Тэкст па-руску распазнаецца амаль беспамылкова.

Тэкст па-руску распазнаецца амаль беспамылкова.

«Распазнае яно непагана, — кажа Кірыл пра надыктоўку голасам. — Жонка прыслала фота, я адказаў «ахранець», яно так і распазнала — ахранець».

Падтрымка распазнавання рускай мовы ёсць, хаця галасавы асістэнт Siri яшчэ не падтрымлівае рускую мову (магчыма, што падтрымка рускай мовы можа проста быць заблакаваная, бо гадзіннік яшчэ не прадаецца ў Расіі). Падтрымкі беларускай мовы, як і ў іншых прадуктах Apple, няма тым больш.

Кірыл не думае, што Apple Watch сёння каштуе сваіх грошай.

«Першае — гэта цана, — разважае ён. — Цана з два Android-смартфоны — гэта цана за гадзіннік, які сам па сабе нічога не можа, які ёсць толькі «прыблудай» да тэлефона. Іх будуць купляць ці тыя, хто зусім-зусім фанаты Apple, ці тыя, для каго гэта зусім невялікія грошы. Па-другое, плаціць 400 даляраў за тое, каб адказаць на паведамленне ці званок, калі і так маеш з сабой побач тэлефон… Іншых вартых сцэнароў выкарыстання я пакуль не бачу».

Датчыкі ззаду Apple Watch дазваляюць мераць пульс

Датчыкі ззаду Apple Watch дазваляюць мераць пульс

Ён згадвае, што Apple рабіла ўпор на фітнэс-функцыі і аплату з гадзінніка замест банкаўскай карткі. «Але плоціш ты не так часта, каб лянота было дастаць тэлефон, — разважае ён. — А з фітнэсам, магчыма, будзе цікава, калі ў Apple атрымаецца прынамсі ў Штатах завязаць фітнэс-функцыі на клінікі».

Кірыл бачыць патэнцыял у гадзінніку. У ім могуць з’явіцца функцыі, якіх мы сёння мо і не ўяўляем.

Напрыклад, ужо сёння гадзіннік можа захаваць інфармацыю пра пульс і фізічную актыўнасць уладальніка. Калі гэтыя функцыі развіць, калі інфармацыю пра здароўе адсылаць на аналіз дактарам, можа атрымацца маленькая рэвалюцыя ў ахове здароўя.

«Нават страхавыя кампаніі змогуць дыферэнцаваць рызыкі, рабіць больш танную ці дарагую страхоўку ў залежнасці ад стану здароўя, — фантазіруе ён. — Ды калі гадзіннік зможа сказаць мне, што ў мяне праз тыдзень будзе інфаркт, калі доктар зможа па інфармацыі з яго гэта вызначыць — вось гэта будзе крута, тады ён будзе каштаваць свае 400 даляраў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?