Аргкамітэт па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» прапаноўвае ўладам прыняць закон аб дзецях вайны, паведамляе прэс-служба арганізацыі.

На думку БХД, закон павінен прадугледзець для гэтай катэгорыі асоб такія льготы, як атрыманне штомесячнай грашовай выплаты, льготны праезд усімі відамі гарадскога транспарту, чыгуначным і водным транспартам прыгарадных зносінаў і аўтобусамі прыгарадных маршрутаў у межах вобласці па месцы жыхарства, льготы па аплаце лекаў, бясплатнае зубапратэзаванне і іншыя.

Прапануецца таксама на год адмовіцца ад пампезных святкаванняў, парадаў, а сэканомленыя бюджэтныя грошы перадаць на падтрымку ветэранаў і дзяцей вайны.

«Гэта неабходна зрабіць не столькі для матэрыяльнай падтрымкі, колькі для ўшанавання і паважання тых, чыё жыццё было зламанае вайной, хто рос і аднаўляў Беларусь у бядотных, амаль катаржных умовах, — сказаў сустаршыня аргкамітэта Віталь Рымашэўскі. — Без ушанавання мінулых пакаленняў немагчымае будаўніцтва трывалай будучыні».

«Настаў час, калі на дзяржаўным узроўні варта паклапаціцца не толькі пра былых франтавікоў, але і дзяцей ваенных гадоў, — зазначыла кіраўнік мінскай гарадской арганізацыі аргкамітэта Вольга Кавалькова. — У гэтых людзей вайна забрала дзяцінства, яны аднаўлялі краіну, падмяняючы сваіх бацькоў каля станкоў, многія з якіх сёння жывуць у беднасці. Іх унёсак дагэтуль не аплачаны. У снежні 2014 года Лукашэнка сказаў, што дзеці і старыя — гэта галоўны клопат дзяржавы. Пры гэтым трэба памятаць, што менавіта ўлады ў 2007 годзе адмянілі 50-працэнтную льготу па аплаце лекаў для людзей, якія дасягнулі 70-гадовага ўзросту, а таксама іншыя льготы для пенсіянераў».

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?