У падвале жылога дома № 15а па вуліцы Лынькова ў Мінску замуравалі бяздомных катоў. На падвальныя вокны ўстаноўленыя краты, праз якія жывёлам не выбрацца.
Як патлумачыла юрыст-зоаабаронца Святлана Харэвіч, у тэлефоннай размове старшыня таварыства ўласнікаў Васіль Стах растлумачыў ёй, што ў падвале развяліся блохі, жыхары першага паверха скардзяцца, таму было вырашана перакрыць туды доступ для бяздомных катоў.
Але тых жывёл, што ўжо знаходзіліся ў падвале, выпусціць на вуліцу не знайшлі часу. Цяпер бяздомныя каты асуджаныя на страшэнную смерць ад смагі і голаду.
Больш за тое, раней хтосьці у падвале ўстанавіў пастку, якая адсекла пярэднюю лапу кацяняці. Дзякуючы неабыякавасці людзей жывёлу ўдалося выратаваць, і цяпер кот знаходзіцца ў валанцёраў на ператрымцы ў чаканні гаспадара.





