Гомельскі актывіст Юрый Рубцоў, які знаходзіцца ў следчым ізалятары ў Баранавічах (Брэсцкая вобласць), мае намер перайсці на сухую галадоўку, калі суд над ім будуць праводзіць у закрытым рэжыме. Аб сваім намеры Рубцоў паведаміў у лісце праваабарончаму сайту spring96.org.

Гомельскі актывіст піша, што па-ранейшаму трымае галадоўку і не збіраецца яе спыняць. Галадаць ён пачаў 6 красавіка ў знак пратэсту супраць справы, па якой яго асудзілі, і той, якая ў дачыненні да яго заведзена па арт. 415 КК (ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі). Абедзве справы Рубцоў лічыць сфабрыкаванымі.

«Я ўжо папярэдзіў начальніка СІЗА № 6 аб тым, што ў выпадку правядзення нада мной закрытага судовага разбору аб'яўлю сухую галадоўку. Гэта мой адзіны рычаг уздзеяння», — адзначыў грамадскі актывіст.

Акрамя гэтага, Рубцоў напісаў, што ён «верагодна, моцна прастудзіўся», у яго «баліць спіна ў вобласці лапатак, цяжка дыхаць». «Язва толькі-толькі пачала даваць сябе адчуваць, а так — бадзёры, рашучасці хапае», — ахарактарызаваў стан свайго здароўя гамяльчанін.

6 кастрычніка 2014 года суд Цэнтральнага раёна Мінска прыгаварыў 53-гадовага Юрыя Рубцова да двух з паловай гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ), аднак з улікам амністыі рэальны тэрмін пакарання быў скарочаны да паўтара года. Рубцова абвінавацілі ў знявазе суддзі суда Савецкага раёна Кірыла Палулеха, які вёў у дачыненні да яго адміністрацыйны працэс пасля акцыі «Чарнобыльскі шлях» 28 красавіка 2014 года ў Мінску (арт. 391 КК). 

Адбываючы пакаранне ў ПУАТ у вёсцы Куплін Пружанскага раёна Брэсцкай вобласці, асуджаны актывіст адмаўляўся працаваць з-за нізкай зарплаты. Рубцоў патрабаваў забяспечыць яго працай з сярэдняй зарплатай па краіне (600 долараў ЗША ў эквіваленце). Гэта і стала падставай для распачынання новай крымінальнай справы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?