Карыкатура: seopticum.com
Кампанія Apple распавяла пра свайго пошукавага робата Applebot, што ўжо выкарыстоўваецца як мінімум у галасавым асістэнце Siri і пошукавіку OS X Spotlight. Старонка з’явілася яшчэ ў лютым, але была дапоўненая падрабязным апісаннем толькі 5 мая.
Па змоўчванні Applebot дзейнічае так жа, як і робат Google, калі адміністратар сайта не прапісаў для яго асобныя ўмовы ў файле robots.txt.
Інфармацыя пра Applebot прызначаная для распрацоўшчыкаў сайтаў і сама па сабе не сведчыць аб стварэнні Apple уласнага інтэрнэт-пошукавіка.
Siri звычайна выкарыстоўвае пошук Microsoft Bing і Wolfram Alpha, разважае 9to5mac. Прычыны распрацоўкі ўласнага пошукавага робата невядомыя. На думку рэдактара выдання, робат распрацаваны хутчэй для падтрымкі іншых пошукавых сістэм і ўдасканалення выдачы Siri ці Spotlight.
Чуткі пра распрацоўку уласнага пошуку Apple з’явіліся ў пачатку 2015 года, калі кампанія спачатку выставіла аб’яву аб пошуку кіраўніка каманды навукоўцаў, распрацоўшчыкаў і аналітыкаў, што займаецца рэлевантнасцю пошуку, а затым дадала яшчэ тры «пошукавых» вакансіі.
Пошук Google цесна звязаны з асноўнай крыніцай прыбытку Google — рэкламай. У 2014 годзе выручка ад рэкламы склала 59 млрд даляраў. З’яўленне моцнага канкурэнта на пошукавым рынку можа пахіснуць пазіцыі Google і на рынку рэкламы.
Аднойчы Apple ўжо адважвалася з нуля ствараць канкурэнта развітаму прадукту Google: у 2012 годзе кампанія прадставіла картаграфічны сэрвіс Apple Maps.
У першыя месяцы існавання сэрвіс жорстка крытыкаваўся за недасканаласць. Напрыклад, ён ператварыў віленскі аэрапорт у «вясёлыя горкі» — такія карцінкі карыстальнікі назіралі па ўсім свеце. З цягам часу памылкі выпраўляліся, а крытыкі станавілася менш.





