Алег Германавіч, якога часта называюць беларуска-расійскім касманаўтам, ненадоўга завітаў у Віцебск. Тут жывуць яго бацькі. Дарэчы, калі быў у космасе, яго мама Вольга Мікалаеўна паабяцала мне першаму з журналістаў перадаць, што сын прыехаў. Слова сваё стрымала. Запрасіла на сумесную прагулку сястра касманаўта.

Сустрэліся ў раёне плошчы Перамогі. Касманаўт прагульваўся з жонкай Ганнай і амаль 5-гадовым сынам Савеліем, сястрой Таццянай, яе мужам Іванам і іх дзецьмі. Вырашылі наведаць дзіцячы забаўляльны цэнтр. Пакуль дзятва весела бавіла час пад наглядам дарослых, гутарылі.

Паколькі ў інтэрнэце можна прачытаць нават пра дробныя нюансы жыцця касманаўтаў, пытаўся ў суразмоўцы пра яго асабістыя ўражанні.

— Алег Германавіч, у госці да бацькоў прыехалі або ў Беларусі паралельна па службовых справах?

— У службовай камандзіроўцы. Запрасілі выступіць перад студэнтамі Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. І школу ў аграгарадку Ноўка (недалёка ад Віцебска) наведаю. Там працуе астранамічны гурток. Пакажу спачатку невялікі фільм пра палёт. Потым буду адказваць на пытанні. Так звычайна ў нас сустрэчы і адбываюцца. Яны — частка працы па папулярызацыі касманаўтыкі… А ў мінулы раз быў у Віцебску прыкладна за тры месяцы да палёту. Стартаваў касмічны карабель 26 сакавіка. А пасадка адбылася 11 верасня 2014 года. Палёт доўжыўся 169 дзён.

— А ведаеце, які вы па ліку касманаўт з жыхароў Зямлі?

— Калі па спісе савецкіх і расійскіх касманаўтаў, 118. У тым спісе і трое з Беларусі: Клімук, Кавалёнак і Навіцкі. Я не супраць, калі мяне называюць расійскім касманаўтам, які звязаны з Беларуссю. Мой бацька Герман Аляксеевіч — ваш зямляк. Ён нарадзіўся ў пасёлку Друя Браслаўскага раёна. Бацькі жывуць у Віцебску з пачатку 1990-х гадоў. Так, у доме на вуліцы Цітова. Я нарадзіўся ў Рызе. Сярэднюю школу скончыў у горадзе Ленінск (цяпер Байканур). Бацька ж мой ваенным быў, таму часта пераязджалі…

А колькі ўсяго зямлян пабывала ў космасе, не ведаю. Дарэчы, не ўсе лятаюць з нашага атрада. Выдалі 220 пасведчанняў касманаўтаў-выпрабавальнікаў і даследчыкаў. Але злятала прыкладна палова. Астатнія або па стане здароўя не праходзяць ці экзамены перад палётам не здаюць. А трэба ж здаць 150 экзаменаў і залікаў. І, дарэчы, праз тры гады яны пераздаюцца, бо тэхніка ўдасканальваецца, ды і веды неабходна «паднавіць». Адзнакі выстаўляюць нават не ў балах, а падлічваюцца да дзясятых бала. І з’яўляецца чарга кандыдатаў… Зараз яна «распісана» аж да 2020 года. Каб падрыхтаваць чалавека да палёту, мінімум два гады неабходна.

— Можна вас лічыць адным з найстарэйшых па ўзросце з тых, хто пакарыў космас?

— Не. Самы «доўгайграючы касманаўт» — амерыканец Джон Глен. Ён у 77 гадоў паляцеў. Што тычыцца нашых, і ў 50 гадоў ляталі ўпершыню. Усё залежыць ад падрыхтоўкі і іншага. Як бывае? Залічваюць у атрад касманаўтаў, напрыклад, у 30 гадоў. Рыхтуешся па адных праграмах, а яны закрываюцца… Я быў залічаны ў атрад у 32 гады. І толькі праз 11 гадоў злятаў.

— Да палёту вы бралі ўдзел у марсіянскіх праграмах. Напрыклад у 2009 годзе — у 105-сутачным эксперыменце, які імітаваў палёт на Марс.

— Так. Я чакаў палёту, таму мог удзельнічаць у розных эксперыментах.

— Не лішнім будзе нагадаць і пра тое, дзе вы вучыліся. Вы ж грамадзянскі касманаўт?

— Па адукацыі я інжынер-механік… Скончыў маскоўскае Баўманскае вучылішча па спецыяльнасці «Тэхніка і фізіка нізкіх тэмператур». А да гэтага з адзнакай — Талінскі палітэхнікум па спецыяльнасці «Электраабсталяванне прамысловых прадпрыемстваў і ўстановак». Так, у арміі служыў: у Вільнюсе — кіроўцам у мотастралковых войсках.

— Напэўна, касманаўт пасля палёту атрымлівае ўзнагароду, кватэру?

— Ордэн не атрымаў. Жыву з жонкай і сынам у інтэрнаце кватэрнага тыпу — за 25 кіламетраў ад «Зорнага гарадка». У нас там аднапакаёвая з усімі выгодамі. Так, пры савецкай уладзе касманаўтам давалі жыллё, дачу, «Волгу». Зараз мы жывём, як бы сказаць (задумаўся), пры капіталізме, таму…

— А колькі, калі не сакрэт, зарабляе касманаўт?

— 77 тысяч рублёў — у мяне такі аклад на Зямлі. Калі ў космасе, камандзіровачныя налічваюцца: ад 300 да 400 долараў у суткі — у залежнасці ад таго, чым займаешся. Выходзіш у адкрыты космас або так працуеш — усё ўлічваецца… За адзін палёт кватэру не купіш. Злятаў, ну і… пакуль даўгі раздаў. Каб кватэру купіць, трэба яшчэ раз ляцець (усміхаецца).

— А жонка ваша працуе?

— Пакуль не, бо гадуе дзіця. Яна скончыла інстытут сэрвісу, таваразнаўца. Жонкі тых, хто раней быў залічаны ў атрад, паспелі на працу ўладкавацца ў «Зорным»… Хто пазней — у Маскву трэба на работу ехаць або ў Каралёў. А да Масквы ў адзін бок 2,5 гадзіны на аўто. Цяжкавата…

— Дарэчы, упэўнены, чытачкам будзе асабліва цікава даведацца: дзе халастыя касманаўты знаёмяцца з патэнцыйнымі жонкамі?

— З Ганнай пазнаёміўся падчас спецыяльнай парашутнай падрыхтоўкі касманаўтаў. Яе тата быў кіраўніком скачкоў. Так, яна пару разоў скакала, і гэтага ёй хапіла (усміхаецца).

— Напэўна, страхуюць касманаўта перад палётам?

— Абавязкова! На якую суму, не памятаю, бо перад палётам не ўчытваўся ў тое, што падпісваў. І калі паступаў у атрад, страхавалі. Калі ў мяне ў працэсе трэніровак быў разрыў Ахілава сухажылля, выплацілі каля 20 тысяч долараў. Потым за траўму — зашывалі парэз галавы — атрымаў прыкладна 2000 долараў.

— А страшна было ляцець? Былі падчас палёту сітуацыі на мяжы паміж жыццём і смерцю?

— Вядома, у нармальнага чалавека пачуццё страху павінна быць. Але, калі доўга рыхтуешся, тады не страшна, бо ведаеш, што цябе чакае… Для кандыдатаў у касманаўты таму і распрацавалі спецыяльныя віды падрыхтоўкі. Ёсць і спецыяльная парашутная, якая якраз дазваляе сябе паводзіць стрымана ў складаных сітуацыях. Без звычкі любому было б страшнавата.

Два задымленні ў нас былі. Але ўсе няштатныя сітуацыі — узгаранне, разгерметызацыя і таксічная атмасфера (калі будзе працёк аміяку — смяротна небяспечная сітуацыя) — да аўтаматызму адпрацоўваюцца на Зямлі. Таму ў космасе кожны дзейнічае па вызначаным алгарытме.

— А мае права касманаўт, улічваючы складанасць працы, раней пайсці на пенсію?

— Калі 10 гадоў у атрадзе касманаўтаў, можаш і на пенсію, нават без палёту ў космас… У мяне ж вялікае жаданне зноў туды. Цягне!

— Як праходзіць дзень у космасе?

— Устаём у 6 гадзін. Жывём па Грынвічу. У нас васьмігадзінны працоўны дзень. Не, ніхто не дзяжурыць, бо ўсе кладуцца і ўстаюць у адзін час. Пасля снедання выходзім на сувязь з Зямлёй, каб удакладніць, што рабіць… Хаця да працы рыхтуешся з вечара, бо трэба знайсці абсталяванне, якога шмат. Так, у «базе» распісана, дзе што знаходзіцца. Але, здараецца, што «губляецца» нешта, бо можа адляцець з прычыны бязважкасці. Таму з вечара і трэба знайсці. І на гэта шмат часу траціцца… З васьмі гадзін працы дзве — на фізкультуру. Яна неабходна, каб быць у форме, у нармальным стане вярнуцца дамоў. Гадзіна — на бегавую дарожку, столькі ж — на сілавы або велатрэнажор. Бязважкасць — небяспечная штука. У арганізме праходзяць незваротныя змены: у сардэчна-сасудзістай, у касцяной, імуннай сістэмах. Быў выпадак, калі савецкіх касманаўтаў, якія ляталі без фізічных нагрузак, ледзь, як кажуць, адкачалі… Яшчэ ёсць на борце ліст задач, якія можаш выконваць або не.

— Гэта як?

— Нейкія эксперыменты можна праводзіць па жаданні, дадатковы рамонт. Але, паверце, ніхто ў космасе не б’е бібікі. Усе стараюцца як мага больш карыснага зрабіць. У прыватнасці эксперымент «Касмічны ўраган» — для прагназавання экалагічных катастроф, катаклізмаў. Яго робіш і фатаграфуеш… Падчас нашага палёту было заданне «Раскосмасу»: весці блог у сацыяльных сетках для папулярызацыі касманаўтыкі.

— Дык, мы — амаль што калегі! Вы, значыць, касмічны блогер?

— Ну… (смяецца).

— Прабачце за несур’ёзнае пытанне: «талеркі» ў космасе бачылі? Між іншым, падчас падрыхтоўкі да палёту ці вучаць, як правільна «выходзіць на кантакт» з прышэльцамі?

— Зусім незразумелага не бачыў. Я пра тое, чаму б не было тлумачэння. Бачыш нешта, а потым высвятляецца, што гэта — звычайнае касмічнае смецце. А яго ў космасе поўна. Напрыклад ляціць «аб’ект». Здаецца, быццам бы «колер мяняе», «сігнал падае». А вугал Сонца змяняецца — і разумееш, што, як вы кажаце, «талерка» — кавалкі цеплаізаляцыі нейкай станцыі…

Наконт магчымага кантакту, у нас усюды апаратура. Трэба спачатку фота і відэа зрабіць, а толькі потым «рыхтавацца кантактаваць». Трэба ж пакінуць дакументальны «матэрыял», каб потым паглядзелі, што з табой стала: адразу з’елі ці пазней (жартуе).

— Ці змянілася ваша ўспрыманне, разуменне жыцця пасля палёту?

— Дабрэйшым стаў.

— Няўжо злым былі?

— Ды не… Спакайнейшым становішся. Разумееш, што праграму мінімум выканаў: злятаў і ў адкрытым космасе пабываў.

— З’явілася адчуванне, што жыццё дадзена недарма? Выбачайце, што іранізую.

— І так недарма, калі ў цябе дзеці ёсць… Адчуў, што зрабіў невялічкі ўнёсак у тое, каб людзі і далей ляталі. Паглядзеў у космасе што і як. Цяпер трэба думаць: як высаджвацца на Месяц, на Марс. Калі сам, можа, не паспею, дык мае досвед, веды і навыкі спатрэбяцца, каб іншым дапамагчы гэта зрабіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?