У адказ на агрэсіўную палітыку Масквы ў Еўропе Польшча плануе актывізаваць высілкі ўсходніх сябраў НАТА праз арганізацыю Фонда фінансавання агульнай абароны, піша сайт defensenews.com.
Польскія і амерыканскія вайскоўцы побач з комплексам Patriot падчас сумесных вучэнняў пад Варшавай у сакавіку 2015 года, Reuters.com
Раней Варшава ўжо паведаміла, што набудзе верталёты Caracal EC725 і супрацьпаветраныя комплексы Patriot прыкладна на $8 млрд.
Польскія разлікі ўключаюць т. зв. «Вышаградскую групу» — Польшчу, Чэхію, Славакію і Венгрыю — а таксама Румынію, Балгарыю, Літву, Латвію і Эстонію. Праз скаардынаваныя закупкі ўзбраення і фінансаванне, магчыма, краіны змогуць больш эфектыўным спосабам павысіць сваю абараназдольнасць.
У той ж час Польшча як галоўны ініцыятар і, часткова, фінансіст будучых ваенных замоў, пастараецца павысіць продажы сваёй прадукцыі краінам-партнёрам.
«Пакуль што мы шукалі патэнцыяльных кліентаў у далёкіх краінах і не звярталі ўвагі на суседнія рынкі. Фінансавая падтрымка (польскага) урада зробіць умовы больш лёгкімі для польскіх кампаній, аднак ім нельга, канешне, ігнараваць і мясцовых канкурэнтаў», — адзначыў кіраўнік Польскай палаты абароннай прамысловасці Славамір Кулакоўскі.
У верасні 2014 года Літва падпісала з польскай кампаніяй Mesko кантракт на пастаўкі супрацьпаветраных ракетных комплексаў бліжняга дзеяння GROM.
«Польшча мае намер быць рэгіянальным лідарам і аб'яднаць іншых з мэтай узмацнення рэгіянальнага супрацоўніцтва ў сфэры абароны і бяспекі», — пракаментаваў навіну палітолаг, прафесар Варшаўскага ўніверсітэта Марэк Ябланоўскі.





